BE RU EN

Мадура прыляцеў у Маскву абмяркоўваць з Пуціным «братэрскія стасункі»

  • 24.09.2019, 17:13

Расея - адзін з найбуйнейшых крэдытораў рэжыму ў Венесуэле.

У Маскву ў аўторак прыляцеў нелегітымнымі кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура. У Twitter ён апублікаваў фота сустрэчы на маскоўскім аэрадроме і напісаў, што мэта візіту - умацаванне дачыненняў з Расеяй, паведамляе «Радыё Свабода».

«Братэрскія стасункі, якія мы стварылі за гэтыя гады, з'яўляюцца падмуркам для будаўніцтва квітнеючай будучыні Венесуэлы» - напісаў Мадура.

Гэта першы візіт венесуэльскага лідара ў Маскву пасля таго, як шэраг краін свету уключна з ЗША адмовіліся ўважаць яго за легітымнага прэзідэнта краіны. Яны афіцыйна прызнаюць часовым прэзідэнтам Венесуэлы кіраўніка парламента, апазіцыянера Хуана Гуайдо, які ў студзені абвінаваціў Мадуру ва ўзурпацыі ўлады і заявіў аб пераходзе ўладных паўнамоцтваў да яго. Злучаныя Штаты наклалі на Венесуэлу санкцыі і заявілі, што будуць дамагацца зняцця Мадуры.

У паведамленні прэс-службы Крамля гаворыцца, што ў сераду Мадуру прыме прэзідэнт Расеі Пуцін. Будуць абмяркоўвацца «актуальныя пытанні двухбаковых стасункаў і ключавыя міжнародныя і рэгіянальныя тэмы, у тым ліку ў кантэксце складанай абстаноўкі вакол Венесуэлы», - гаворыцца ў паведамленні. Расея - адзін з найбуйнейшых крэдытораў Венесуэлы.

Апошнія навіны