BE RU EN

Беларускія рабочыя за мяжой сталі пералічваць менш грошай дадому

  • 24.09.2019, 15:35

Сума паменшылася на $5 мільёнаў.

Беларускія гастарбайтэры пералічылі з Расеі ў другім квартале гэтага года 17 мільёнаў даляраў. У параўнанні з мінулым годам сума пералічэнняў паменшылася. Пра гэта сведчаць звесткі Цэнтральнага банка Расеі, паведамляе tut.by.

У параўнанні з папярэднімі гадамі (параўноўваем звесткі за другі квартал) гастарбайтэры сталі пералічваць у Беларусь менш грошай. Напрыклад, у другім квартале 2018 года агульная сума пералічэнняў склала 22 мільёны даляраў, у другім квартале 2017-га - 32 мільёны, у другім квартале 2016 года - 31 мільён, у другім квартале 2015 года - 22 мільёны.

Пры гэтым у параўнанні з першым кварталам гэтага года агульная сума пералічэнняў у красавіку-чэрвені павялічылася на 1 мільён даляраў (тады яна складала 16 мільёнаў). А вось сума аднаго пералічэння, наадварот, паменшылася, у першым квартале яна была роўная 293 далярам, а ў другім - 276.

Паводле інфармацыі беларускага Нацбанку, у другім квартале беларусы атрымалі з-за мяжы пералічэнні на суму 75,9 мільёна даляраў. Апошнім часам шматлікія беларускія спецыялісты запатрабаваныя за мяжой, напрыклад лекары або будаўнікі.

Беларусы па-ранейшаму актыўней за ўсё едуць на заробкі ў Расею. У першым паўгоддзі расейскі рынак працы прыняў, паводле звестак Дэпартамента міграцыі і грамадзянства МУС, 2237 чалавек (годам раней - 2676). Пры гэтым статыстыка зафіксавала цікавы факт: у першым паўгоддзі расейцаў да нас на заробкі прыбыла больш, чым беларусаў адправілася на расейскі рынак працы.

Апошнія навіны