BE RU EN

У Северадзвінску хочуць трыбунала для кіраўніцтва Расеі

  • 22.09.2019, 18:30

У нядзелю ў Расеі прайшоў адзіны дзень экалагічнага пратэсту.

Мітынгі і пікеты адбыліся больш як у 30 гарадах краіны, уключаючы Маскву і Санкт-Пецярбург. 13 з іх прайшлі ў Архангельскай вобласці, дзе мясцовыя жыхары ўжо больш за год пратэстуюць супраць будаўніцтва буйнога смеццевага палігона ў раёне чыгуначнай станцыі Шыес, паведамляе svoboda.org.

Самая масавая акцыя адбылася ў Архангельску. На ўзгоднены з уладамі мітынг на плошчы Цярохіна выйшлі амаль дзве тысячы чалавек. Людзі, якія сабраліся, акрамя традыцыйных патрабаванняў спыніць будоўлю палігона і адправіць у адстаўку кіраўніцтва рэгіёну, запатрабавалі спыніць рэпрэсіі і крымінальныя справы ў дачыненні да архангельскіх экалагічных актывістаў.

Пасля заканчэння мітынгу паліцыя затрымала трох яго арганізатараў: Алену Фокіну, Лізавету Хатанзейскую і Юлію Чапуліну. На іх склалі пратаколы аб парушэнні правілаў правядзення публічных мерапрыемстваў за ўдзел у экалагічным шэсці, якое прайшло яшчэ 7 красавіка. Са слоў затрыманых, паліцыянты паводзілі сябе груба, называлі іх «дзеўкамі».

Яшчэ адна буйная акцыя, у якой узялі ўдзел некалькі сотняў чалавек, адбылася ў Северадзвінску. У жніўні ў трыццаці кіламетрах ад гэтага горада на вайсковым палігоне адбыўся выбух падчас ракетных выпрабаванняў, у выніку якога загінулі 5 чалавек, а радыяцыйны фон у Северадзвінску вырас у 16 разоў. Людзі, якія сабраліся на мітынгу, запатрабавалі адправіць пад трыбунал кіраўніцтва Расеі. Падчас выступу перад прысутнымі навуковы супрацоўнік Федэральнага даследчага цэнтра вывучэння Арктыкі Аляксандр Юфракоў назваў выбух на вайсковым палігоне ў Нёнаксе «ваенным злачынствам».

У Маскве мітынг у рамках дня экапратэсту прайшоў напярэдадні ў парку Сакольнікі. На ім выступілі актывісты экалагічных арганізацый і кіраўнік арганізацыі «За правы чалавека» Леў Панамароў, які заклікаў да стварэння ў Расеі «вялікага грамадзянскага экалагічнага руху».

Таксама ў суботу акцыі экапратэсту прайшлі ў Новасібірску, Уладзівастоку і шэрагу іншых гарадоў Сібіры і Далёкага Усходу.

Усерасійскі дзень экалагічнага пратэсту быў прымеркаваны да «Сусветнага кліматычнага страйку», які прайшоў у пятніцу. У розных краінах свету мільёны людзей, галоўным чынам студэнтаў і школьнікаў, выйшлі на вуліцы з патрабаваннем ад урадаў рашучых захадаў у барацьбе са зменамі клімату. Найбольш масавыя акцыі прайшлі ў ЗША. У іх узяла ўдзел і стваральніца руху «кліматычных страйкаў», швэдская школьніца Грэта Тунберг.

Апошнія навіны