BE RU EN

Улады спалохаліся пікетаў «Еўрапейскай Беларусі» для збору подпісаў

  • 22.09.2019, 18:07

Асабліва чыноўнікі баяцца змены ўлады.

Актывіст Андрэй Войніч быў выкліканы на паседжанне выбарчай камісіі Грушаўскай акругі №98. Яго абвінавацілі ў тым, што падчас правядзення пікету ён на просьбу аднаго з менчукоў, які паставіў подпіс за яго вылучэнне, даў яму запісаны на кавалку паперы адрас свайго канала на Youtube. За гэта старшыня камісіі Л. Філімонава вынесла актывісту папярэджанне.

«Гэтае дзеянне - перадача чалавеку нумару тэлефона або адраса акаўнта ў сацсетцы - не з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Прэтэндэнт у кандыдаты можа падаць скаргу на дзеянні камісіі, і яна павінна быць разгледжаная», - сказаў у каментары прэс-службе «Еўрапейскай Беларусі» назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка.

Сам Андрэй Войніч мяркуе, што сябры камісіі нервуюцца з прычыны штодзённых пікетаў збору подпісаў.

«Мае пікеты праходзілі ва ўсёй акрузе - і каля станцыі метро «Міхалова», і ў цэнтры, на Гарадскім вале, і каля буйных крам. Працы іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты тут не прыкметна. Пры гэтым амаль на кожным пікеце былі спробы правакацый, нібыта выпадковыя мінакі прапаноўвалі паставіць подпіс без пашпарта, а ў гэты час іх здымалі схаванай камерай. Такімі правакацыямі займаюцца ў тым ліку і прадстаўнікі «Белай Русі». Напрыклад, скаргу на мяне напісала член ініцыятыўнай групы праўладнага кандыдата Арцюх. Думаю, што іх моцна напружвае актыўная дзейнасць нашых актывістаў», - сказаў Андрэй Войніч.

На пасяджэнні камісій таксама былі выкліканыя яшчэ два ўдзельнікі кампаніі. На Валерыя Бычкоўскага, які збірае подпісы за сваё вылучэнне ў Пушкінскай выбарчай акрузе №103 паступіла скарга ад адміністрацыі ГЦ «Скала». Актывіста абвінавацілі ў «парушэнні грамадскага парадку». Старшыня камісіі І. Дрозд наважыла не браць на сябе адказнасць, выносячы папярэджанне з надуманай нагоды і перанакіравала скаргу ў «кампетэнтныя органы», пра што Валерыя пісьмова папярэдзілі.

Удзельніку кампаніі ў Старавіленскай выбарчай акрузе №105 Васілю Жораву вынеслі папярэджанне за тое, што ў ягонай біяграфіі на стэндзе было ўказана, што ён хоча змены ўлады. Ініцыятарам выступіў кіраўнік камісіі Б. Кручкоў.

Чакаюць выкліку на пасяджэнні камісій яшчэ некалькі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

Апошнія навіны