BE RU EN

The Telegraph: Расею могуць адхіліць ад удзелу ў Алімпіядзе ў Токіа

  • 22.09.2019, 11:01

WADA падазрае, што РФ на працягу апошніх 18 месяцаў маніпулявала інфармацыяй.

Расейскіх спартоўцаў могуць адхіліць ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2020 года Токіа праз падазрэнні ў маніпуляцыях звесткамі з Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі. Пра гэта ў суботу, 21 верасня, са спасылкай на крыніцы, паведаміла брытанскае выданне The Telegraph. Аналагічную інфармацыю апублікавалі журналісты агенцтва Associated Press, паведамляе dw.com.

Паводле звестак журналістаў, у Сусветным антыдопінгавым агенцтве (WADA) падазраюць, што Расея на працягу апошніх 18 месяцаў маніпулявала інфармацыяй і падрабляла вынікі допінг-пробаў, да таго як яны траплялі ў WADA. Такім чынам Расея спрабавала схаваць факт, што спартоўцы ў мінулым сістэматычна ўжывалі допінг.

Выданне піша, што звесткі аб гэтым плануецца абвясціць 23 верасня на пасяджэнні выканкама WADA ў Токіа. Акрамя таго, журналісты перакананыя, што на працягу наступных двух месяцаў з'явяцца новыя доказы парушэнняў. Крыніцы выдання запэўніваюць, што калі маніпуляцыі звестак пацвердзяцца, то гэта можа прывесці да выключэння расейскіх спартоўцаў з Алімпійскіх гульняў 2020 года. Журналісты ўважаюць, што звесткі, якімі маглі маніпуляваць, адносяцца да перыяду, які асвятляецца ў справаздачы Рычарда Макларэна, апублікаваным у 2016 годзе.

The Telegraph піша, што такія «маніпуляцыі маглі ажыццяўляцца не з адабрэння дзяржавы, але ёсць сведчанні іх шырока распаўсюджання і працягу».

Пра тое, што Маскоўскую антыдопінгавую лабараторыю падазраюць у маніпуляванні звесткамі, 20 верасня паведаміў нямецкі журналіст Хаё Зепельт (Hajo Seppelt), вядомы сваімі выкрыццямі пра допінг у расейскім спорце.

Годам раней, 20 верасня 2018 года, выканкам WADA вярнуў РУСАДА статус адпаведнасці кодэксу, якога расейская арганізацыя была пазбаўленая ў 2015 годзе праз допінгавы скандал. Галоўнай умовай аднаўлення ў правах было прадастаўленне расейскім бокам да 31 снежня 2018 года доступу да звестак праверкі допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў, якія захоўваюцца ў маскоўскай лабараторыі, апячатанай у сувязі з федэральным расследаваннем. Аднак экспертам WADA ўдалося скапіяваць базы звестак толькі ў сярэдзіне студзеня 2019 года.

Апошнія навіны