BE RU EN

Экс-амбасадар РФ у Беларусі Бабіч будзе курыраваць грамадзянскую супольнасць у СНД

  • 21.09.2019, 14:54

Аляксей Венедыктаў напісаў аб новым прызначэнні Міхаіла Бабіча.

«Міхаілу Бабічу даручылі стаць расейскім Сорасам - ён у Мінэканамразвіцця будзе курыраваць грамадзянскую супольнасць і розныя грамадскія арганізацыі - увага - на тэрыторыі краін СНД. Генерал Бабіч і грамадзянская супольнасць. Накурыруе, вядома», - напісаў галоўны рэдактар «Эха Москвы» ў сваім telegram-канале.

У канцы красавіка гэтага года Міхаіл Бабіч быў адкліканы з пасады пасла Расеі ў Беларусі, нагадвае «Салідарнасць».

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заяўляў тады, што на новай пасадзе Бабіч «шмат у чым прадоўжыць займацца інтэграцыйнай тэматыкай».

У чэрвені экс-амбасадар, які выклікаў непрыхаванае раздражненне ў афіцыйнага Менску, быў прызначаны намеснікам міністра эканамічнага развіцця РФ. Яго непасрэдным начальнікам з'яўляецца Дзмітрый Арэшкін, які з канца 2018 года ўзначальвае з боку Расеі працоўную групу ва ўрэгуляванні праблемных пытанняў і развіцця інтэграцыі.

Прызначэнне Бабіча Арэшкін пракаментаваў з дапамогай фота ў сацсетках, якое суправаджаецца подпісам «Узмацняем міністэрства цяжкай артылерыяй».

На меркаванне беларускіх экспэртаў, Бабіч «будзе дапамагаць Крамлю даціскаць беларускага партнёра».

Апошнія навіны