BE RU EN

Стартавала найбуйнейшая ў гісторыі экспедыцыя ў Арктыку

  • 21.09.2019, 12:44

У экспедыцыю скіраваліся навукоўцы з 19 краінаў.

Каманда навукоўцаў з 19 краінаў у пятніцу 20 верасня скіравалася ў гадавую экспедыцыю для вывучэння клімату Арктыкі. Місія MOSAiC стане самай буйной і комплекснай у гісторыі – яе бюджэт складае блізу 140 мільёнаў еўраў, палову з якіх вылучыла Нямеччына. Кіруе MOSAiC нямецкі навуковец Маркус Рэкс (Markus Rex). У арктычнай місіі таксама ўдзельнічаюць расейцы, піша dw.com.

Нямецкі навукова-даследчы ледакол Polarstern адправіўся ў пятніцу з нарвежскага горада Тромсэ. Яго суправаджае расейскае судна "Акадэмік Фёдараў". Polarstern будзе дрэйфаваць у льдах, а вакол разгорнуцца маніторынгавыя станцыі. Экспедыцыя паўторыць маршрут нарвежскага вандроўцы Фрыцьёфа Нансена на судне "Фрам" у 1893–1896 гадах. Папаўняць запасы карабля і змяняць удзельнікаў экспедыцыі будзе флот з чатырох ледаколаў з Расеі, Кітая і Швецыі, а таксама самалёты і шрубалёты.

Планаванне найбуйнейшай у гісторыі кліматычнай экспедыцыі ў Арктыку заняло восем гадоў. Навукоўцы будуць назіраць за мясцовым кліматам і зменай сезонаў, а сабраныя звесткі дазволяць разгледзець верагодныя сцэнары змяненняў клімату. Polarstern меркавана вызваліцца ад лёду восенню 2020 года.

Апошнія навіны