BE RU EN

Работнікаў аднаго з ЖКГ Менска асудзілі за растрату бюджэтных грошай

  • 20.09.2019, 16:10

Сродкі пайшлі на фіктыўную закупку пад'ёмнікаў.

Суд Маскоўскага раёна Менска 16 верасня вынес прысуд паводле справы аб злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, піша tut.by. У пачатку мінулага года сілавікі распачалі крымінальныя справы ў дачыненні да дзвюх службовых асоб ЖКГ №1 Маскоўскага раёна Менска - дырэктара прадпрыемства і ягонага намесніка за растрату грошай, якія пайшлі на фіктыўную закупку пад'ёмнікаў для інвалідаў у пад'ездах.

У судзе паведамілі, што адзін з абвінавачаных, каб пазбегнуць адказнасці за невыкананне ўмоў дзяржаўнага кантракту ў капітальным рамонце жылога дома, паставіў подпіс у даведцы аб кошце выкананых работ з несапраўднымі звесткамі. Паводле гэтай даведкі з бюджэту выплацілі значную суму.

Акрамя таго, абодва абвінавачаныя выкарыстоўвалі свае службовыя паўнамоцтвы, каб утаіць невыкананне планаў мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады. Абвінавачаныя падпісалі фіктыўныя таварна-транспартныя накладныя і акты выканання работ пастаўкі і ўстаноўкі фірмамі пад'ёмных платформаў для інвалідаў у Маскоўскім раёне Менска. Па гэтых дакументах з бюджэту былі аплачаныя вырабленыя працы. Таксама была выдзеленая значная сума.

Дзеянні абвінавачаных «пацягнулі цяжкія наступствы, істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, правам і законным інтарэсам грамадзян», сказана ў паведамленні прэс-службы суда.

Абвінавачаных прызналі вінаватымі на падставе ч.3 арт.424 КК (Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула цяжкія наступствы). Аднаго з абвінавачаных прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі і права займаць пэўныя пасады пяць гадоў з адтэрміноўкай пакарання на тры гады. Другога абвінавачанага прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі і права займаць пэўныя пасады пяць гадоў з адтэрміноўкай пакарання на два гады.

Прысуд у законнае дзеянне не ўвайшоў і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Апошнія навіны