BE RU EN

Лукашэнка: Трэба вучыцца, а не паліць у прыбіральні

  • 2.09.2019, 13:24

Дыктатар паклапаціўся пра дысцыпліну ў школах.

Лукашэнка ў першы дзень навучальнага года прыехаў у школу-новабудоўлю - менскую сярэднюю школу №93. Падчас наведвання школы ён паклапаціўся пра пытанні дысцыпліны і даў параду вучням, паведамляе прэс-служба дыктатара.

- Калі вы хочаце быць канкурэнтнымі ў жыцці, пры ўсёй складанасці, нежаданні парой вучыцца, цяжкасці ў адукацыі трэба сябе прымусіць хоць бы прыстойна скончыць школу і атрымаць веды, - падкрэсліў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што без добрай адукацыі і, галоўнае, ведаў стаць паспяховым у далейшым жыцці будзе немагчыма. Патрабаванні да спецыялістаў ва ўсіх сферах дзейнасці настолькі павялічыліся, што без ведаў не ўладкуешся ні на прадпрыемства, ні ў калгас.

- Рабочы - гэта ўжо няпроста, гэта новая тэхніка, вельмі складаная. І гэта я асабліва добра бачу ў сельскай гаспадарцы. Калі раней тут мог працаваць той, хто нікому не патрэбны быў у прамысловасці, дзе ўвогуле можна было - вілы, рыдлёўку ў рукі і працуй. Сёння такія рабочыя ў сельскай гаспадарцы ўжо не патрэбныя, - працягнуў дыктатар.

- Мая вам парада (не буду казаць «вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца»): вазьміце максімум ведаў і вызначыцеся, чым вы будзеце займацца пасля школы, - сказаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што дысцыпліна ў школе моцна ўпала, таму міністру адукацыі, «губернатарам» і «мэру» Менска пастаўлена задача прыняць меры для ўзмацнення парадку і дысцыпліны ў навучальных установах.

- Школа - гэта храм. Туды трэба прыходзіць з чыстымі думкамі - вучыцца, а не паліць у прыбіральні і займацца незразумела чым, - падкрэсліў дыктатар.

Нагадаем, што раней, перад пачаткам 2017-2018 навучальнага года, Лукашэнка прызнаўся, што ў школе ён быў «нахабным» і стаяў на ўліку ў міліцыі: «Я быў цяжкім вучнем. Прызнаюся: у дзіцячым пакоі міліцыі на ўліку стаяў у пераходным узросце. І калі прыходзіла капітанка міліцыі, забыўся прозвішча, мне пальцам трэсла - у мяне сэрца ў пяткі сыходзіла. Хоць я быў нахабным хлопцам. Гэта значыць дзесьці міліцыю трэба падключыць, каб дырэктару і настаўніку дапамагчы. Таму што ў нас у школе вольніцы аж занадта».

Апошнія навіны