Камандавальнік ААС: Украіна гатовая адвесці войскі ўздоўж усёй лініі размежавання
- 18.09.2019, 12:01
Такая задача пастаўленая міністрам абароны і кіраўніком дзяржавы.
Уздоўж усёй лініі размежавання на Данбасе ўкраінскія вайскоўцы праводзяць падрыхтоўчыя мерапрыемствы для адводу войскаў. Пра гэта апавёў камандавальнік аперацыяй Аб'яднаных сілаў генерал-лейтэнант Уладзімір Краўчанка 18 верасня падчас сустрэчы з каардынатарам сістэмы ААН, каардынатарам у гуманітарных пытаннях і сталым прадстаўніком Праграмы развіцця ААН ва Украіне Аснат Лубрані, паведаміў прэс-цэнтр ААС у Facebook, паведамляе gordonua.com.
"На сёння праводзяцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы для адводу войскаў уздоўж усёй лініі размежавання. Такая задача вызначаная кіраўніком Генеральнага штаба Узброеных сілаў, міністрам абароны і кіраўніком дзяржавы. Мы да гэтага гатовыя дзеля паляпшэння жыцця нашых грамадзянаў, і, урэшце, усё будзе залежаць ад люстраных дзеянняў з процілеглага боку", – сказаў ён.
Краўчанка дадаў, што існуюць перспектывы стварэння бяспечных раёнаў вакол населеных пунктаў Залатое і Пятроўскае Луганскай вобласці.
Ён адзначыў, што ў гуманітарнай сферы на Данбасе адбыліся зрухі да лепшага. Сярод іншага, у станіцы Луганскай ідуць актыўныя падрыхтоўчыя працы да пачатку аднаўлення моста: падрыхтаваная пляцоўка пад будаўнічую тэхніку і для размяшчэння будаўнічых матэрыялаў. Ужо пашыранае і адноўленае дарожнае пакрыццё пад'язной дарогі.
13 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў, што ў найбліжэйшыя тыдні будзе вядомы вынік у пытанні развядзення войскаў у раёне Пятроўскага і Залатога.
14 верасня кіраўнік украінскай вонкавапалітычнай установы Вадзім Прыстайка заявіў, што Зяленскі ініцыюе развядзенне сілаў і сродкаў на Данбасе па ўсёй лініі размежавання.