BE RU EN

Іран захапіў судна, што перавозіла нафту, блізу Армузскага праліва

  • 16.09.2019, 18:49

Гэта другі падобны захоп судна Іранам з пачатку верасня.

Марскі патруль Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі перахапіў блізу Армузскага праліва судна, на борце якога знаходзіліся 250 тысяч літраў нафты. Праз падазрэнне ў кантрабандзе паліва арыштаваныя 11 сябраў экіпажа, паведаміла ў панядзелак, 16 верасня, дзяржаўнае тэлевізія Ірана. Аб нацыянальнасці маракоў нічога не паведамляецца, піша DW.

Судна накіроўвалася ад іранскага порта Бэндэр-Ленг да тэрытарыяльных водаў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, паведаміў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала брыгадны генерал Алі Озмайі. Паводле звестак агенцтва Fars, судна ішло пад сцягам ААЭ.

Гэта другі падобны захоп судна Іранам з пачатку верасня. У пачатку месяца ў Армузскім праліве была затрыманая лодка, якую таксама падазраюць у кантрабандзе паліва, затрыманыя 12 сябраў экіпажа з грамадзянствам Філіпін.

Абвастрэнне напружанасці ў рэгіёне Персідскага заліва

З чэрвеня Іран неаднаразова затрымліваў танкеры, што перавозілі нафту ў рэгіёне Персідскага заліва. Апошні захоп судна адбыўся на фоне новага вітка напружанасці ў рэгіёне пасля нападу беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Савудаўскай Арабіі 14 верасня.

Адказнасць за атаку на савудаўскія НПЗ узялі на сябе еменскія паўстанцы-хусіты, якія атрымліваюць падтрымку ад Ірана. ЗША ўсклалі адказнасць за тое, што здарылася на Тэгеран, аднак Іран адхіліў абвінавачванні ў свой адрас. Асцярогі з нагоды далейшага разрастання канфлікту выклікалі значны рост коштаў нафты.

Апошнія навіны