BE RU EN

Беларуска стала найлепшай акторкай на фестывалі ў Гішпаніі

  • 15.09.2019, 12:22

Настасся Пляц атрымала прыз Best Actress на фестывалі кароткаметражнага кіно ў Гішпаніі.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч.

– Адбываецца нешта неверагоднае: Наста Пляц, дзяўчынка, якая з трох гадоў жыла ў Магілёўскай SOS-вёсцы, толькі што атрымала прыз Best Actress на гішпанскім фестывалі FICBUEU за ролю Ясі ў фільме «Возера Радасці», – напісаў ён.

FICBUEU – фестываль кароткаметражнага кіно, у якім могуць удзельнічаць усе віды мастацкіх кароткаметражных фільмаў незалежна ад жанру, за выключэннем дакументальных фільмаў. Першы прыз – 2 тысячы еўра, другі – 1000. Найлепшая акторка атрымлівае дыплом.

«Возера радасці» – раман Віктара Марціновіча, кароткаметражку паводле яго зняў рэжысёр Аляксей Палуян – беларус, які жыве і працуе ў Нямеччыне. Музыку напісаў лідар гурта Vuraj Сяргей Доўгушаў.

Апошнія навіны