BE RU EN

"Газпрам" па рашэнні суда знізіў загрузку газаправода OPAL

  • 14.09.2019, 19:58

Расейская кампанія выконвае пастанову суда Люксембурга.

Выконваючы пастанову Еўрапейскага суда агульнай юрысдыкцыі, "Газпрам" знізіў прапампоўку газу па газаправодзе OPAL, які з'яўляецца Усходнім адводам ад "Паўночнай плыні" і праходзіць ад Балтыйскага ўзбярэжжа ФРГ да Чэхіі. Адначасова расейскі канцэрн нарошчвае прапампоўку па заходнім адводзе "Паўночнай плыні" - NEL (Nordeuropäische Erdgasleitung), які злучае заканчэнне трубы з газатранспартным вузлом, што праходзіць па дне Балтыйскага мора, на паўночным захадзе ФРГ. Пра гэта паведамляе ў суботу, 14 верасня, "Інтэрфакс" са спасылкай на звесткі кампаніі - аператара газаправода, піша "Немецкая волна"

Між тым пастаянны прадстаўнік РФ пры ЕЗ Уладзімір Чыжоў заявіў пра парушэнні судом у Люксембургу "прынцыпу энэргетычнай салідарнасці". "OPAL з'яўляецца адным з працягаў газаправоду "Паўночная плынь – 1" і будучыні "Паўночнай плыні - 2". Паколькі на сённяшні дзень ПП - 2 яшчэ не дабудаваная, то ў судовым рашэнні гаворка ідзе пра абмежаванні паставак па ПП-1. Але я нагадаю, што калі ПП-1 будавалася, яна была абвешчаная Еўразвязам "праектам агульнаеўрапейскай цікавасці", - заявіў Чыжоў у інтэрв'ю "Интерфаксу" ў Брусэлі.

Адначасова ён адзначыў, што ЕЗ адмовіўся даць аналагічны статус другому газаправоду, які пракладаецца па дне Балтыйскага мора, не абгрунтаваўшы адмовы. Чжоў указаў таксама, што адказчыкам па справе ў судзе ЕЗ выступала Еўракамісія, а тэрмін абскарджання складае 70 дзён. "Але праз 70 дзён уступіць у правы іншая Еўракамісія", - нагадаў расейскі дыпламат.

Выкананне рашэння суда ў Люксембургу

Напярэдадні Федэральнае агенцтва ў сетках (Bundesnetzagentur) выдала распараджэнне аб неадкладным выкананні пастановы Суда ЕЗ, які прызнаў неправамернасць рашэння аб выдаванні "Газпраму" права цалкам выкарыстоўваць магутнасці газаправода OPAL. У выпадку, калі фірмы будуць і далей ці ў будучыні парушаць правілы, устаноўленыя гэтым вердыктам, ведамства будзе накладваць штрафы.

Між іншым, аператару OPAL забаронена ўдзельнічаць у аўкцыёне на пастаўкі па газаправодзе, які адбудзецца 16 верасня. А "Газпраму" забаронена выкарыстоўваць магутнасці газаправода для паставак. У расейскага канцэрна ёсць "альтэрнатыўныя транспартныя маршруты" для выканання сваіх абавязанняў аб пастаўках газу ў Еўразвяз, адзначаецца ў распараджэнні.

Спрэчка ў Судзе ЕЗ

Да 2016 года "Газпрам", згодна з антыманапольным патрабаванням трэцяга энэргапакета ЕЗ, меў права выкарыстоўваць OPAL толькі на 50 адсоткаў. Аднак акрамя расейскага канцэрна, які праводзіць праз OPAL газ "Паўночнай плыні", іншых пастаўшчыкоў з такімі аб'ёмамі ў гэтай зоне няма, таму труба заставалася паўпустой. У 2016 годзе Еўракамісія прапанавала "Газпраму" права выкарыстоўваць OPAL на 80-90 працэнтаў у доўгатэрміновай перспектыве.

10 верасня Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі ў Люксембургу скасаваў гэтую пастанову ЕК, палічыўшы яе прынятай "у парушэнне асноўнага прынцыпу салідарнасці ў энэргетычным сектары". Польскі канцэрн PGNiG выказваў прэтэнзіі ў тым, што OPAL быў неправамерна выключаны з механізму Еўрапейскага ўрэгулявання, які забараняе манапольнае выкарыстанне газаправодаў. Пастанова Еўрапейскага суда агульнай юрысдыкцыі можа быць абскарджана ў вышэйшай судовай інстанцыі ЕЗ - Еўрапейскім судзе.

Апошнія навіны