BE RU EN

Без гаджэта, башлыка і электрасамаката: як зменяцца ПДР у Беларусі

  • 14.09.2019, 13:36

Дакумент знаходзіцца на ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі.

Новая рэдакцыя правіл дарожнага руху забароніць пешаходам пераходзіць дарогу, занурыўшыся ў гаджэты. Пра гэта паведаміў старшы інспектар у асаблівых даручэннях УДАІ МУС Аляксандр Шаўчэнка. З ягоных слоў, піша БелТА, цяпер дакумент знаходзіцца на ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі.

Неабходнасць змяніць правілы ўзнікла ў тым ліку праз развіццё тэхналогій. У новай рэдакцыі з'явіцца тэрмін «сродкі персанальнай мабільнасці». Да іх аднясуць прылады, якія маюць рухавік. Максімальна дапушчальная хуткасць, з якой можна будзе на іх ездзіць, складзе 25 км/г. Уладальнікаў прыраўняюць да пешаходаў, паведамляе euroradio.fm.

Калі прылады персанальнай мабільнасці, да якіх належаць монакола, гіраскутэр і электрапсамакат, не маюць завадскіх і праграмных абмежавальнікаў хуткасці, ездзіць на іх па праезнай частцы будзе забаронена. Катацца з такой хуткасцю дазволяць толькі на спецыяльных пляцоўках. Таксама ўладальнікам такіх прылад можна будзе ездзіць па ходніках і абочынах (пры адсутнасці веладарожак), не ствараючы нязручнасцяў пешаходам.

Абноўленыя правілы забароняць пешаходам пераходзіць дарогу ў навушніках, башлыку ці, напрыклад, занурыўшыся ў тэлефон.

Гэта будзе прыраўноўвацца да «дзеянняў, якія пагражаюць бяспецы дарожнага руху».

Таксама ў ПДР з'явіцца паняцце «зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху». Да такіх зон, напрыклад, аднясуць невялікія вуліцы ў цэнтры горада, дзе ходзіць шмат пешаходаў, але, у той жа час, па якіх ездзяць аўто. Уезды ў такія месцы адзначаць адмысловымі знакамі. Хуткасць там плануюць абмежаваць да 30 км/г.

Змены ў ПДР закрануць раварыстаў, скутарыстаў, электрамабілі

Таксама ў правілах дадаткова пакажуць перыяды, калі кіроўцы будуць абавязаныя ездзіць з уключаным блізкім святлом фар - з 25 траўня да 5 чэрвеня і з 25 жніўня да 5 верасня.

Старшы інспектар тлумачыць, што пакуль у правілах запісана, што кіроўцы павінны так рабіць падчас акцый «Увага - дзеці!» Каб не было блытаніны, даты прапісалі канкрэтна.

Таксама новыя правілы могуць дазволіць раварыстам не спешвацца на рэгуляваных пешаходных пераходах. Умова - ехаць не хутчэй за пешаходаў, якія пераходзяць дарогу. Гэта ж правіла будзе тычыцца і ўладальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці. На пераходах без святлафора веласіпедыстам па-ранейшаму трэба будзе спешвацца.

Апошнія навіны