ВВС: Буйныя нафтавыя аб'екты ў Саудаўскай Арабіі загарэліся праз атакі дронаў
- 14.09.2019, 10:05
Факт атакі з паветра афіцыйна пацверджаны.
У ноч на суботу на двух буйных нафтавых аб'ектах у Саудаўскай Арабіі адбыўся пажар. На падставе некаторых звестак, гэта адбылося ў выніку атакі беспілотнікаў.
Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін з пацярпелых аб'ектаў - найбуйнейшы ў свеце нафтаперапрацоўчы завод, паведамляе ВВС.
«А чацвёртай раніцы [па мясцовым часе] службы бяспекі [кампаніі] Aramco пачалі змагацца з пажарамі на двух сваіх аб'ектах у Абкайке і Хураісе ў выніку [нападаў] беспілотных лятальных апаратаў», - гаворыцца ў паведамленні міністэрства.
Цяпер узгаранне ўжо ўдалося ўзяць пад кантроль, паведамляе тэлеканал «Аль-Арабія» са спасылкай на свайго карэспандэнта.
Дзяржаўная нафтавая кампанія Saudi Aramco не адказала на запыт аб каментары.
У Абкайке знаходзіцца найбуйнейшы ў свеце нафтаперапрацоўчы завод. Большая частка саудаўскай нафты, экспартаванай з Персідскай затокі, перапрацоўваецца менавіта там, піша агенцтва Рэйтэр.
У рэгіёне захоўваецца напружанасць пасля нападаў на нафтавыя танкеры ў Персідскай затоцы ў чэрвені і ліпені гэтага года. Саудаўская Арабія абвінаваціла ў гэтым нападзе Іран. Тэгеран зняпраўджвае абвінавачванні.
Баевікі-хусіты ў Емене, якіх, як мяркуецца, падтрымлівае Іран, учынялі трансгранічныя напады на Саудаўскую Арабію. Іх беспілотнікі ў жніўні наносілі ўдары па нафтавым радовішчы Шэйба кампаніі Saudi Aramco, нагадвае Рэйтэр. У траўні былі атакаваныя дзве нафтаперапамповачныя станцыі. Абодва напады прывялі да пажараў, але не парушылі вытворчасць.