BE RU EN

Прэзідэнт Еўрапарламента гатовы асабіста прывезці ва Украіну прэмію Сахарава Сянцову

  • 12.09.2019, 15:41

Прэмію ўкраінскі рэжысёр атрымаў яшчэ летась.

Прэзідэнт Еўрапейскага парламента Давід Сасолі заявіў пра гатоўнасць асабіста прывезці ва Украіну прэмію Еўрапейскага парламента імя Андрэя Сахарава, якой летась узнагародзілі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, у выпадку, калі той не зможа сам прыбыць за ёй праз стан здароўя, паведамляе "Еўрапейская праўда".

Сасолі сказаў, што Сянцоў цяпер "мае праблемы са здароўем". "Яго ўзнагародзілі прэміяй Сахарава летась і запрасілі прыехаць у Брусэль ці Страсбург яе атрымаць. Мы будзем вельмі радыя яго бачыць, калі ён будзе здольны прыехаць. Сёння на канферэнцыі прэзідэнтаў я сказаў, што гатовы асабіста прывезці прэмію ва Украіну", – заявіў прэзідэнт Еўрапейскага парламента ў чацвер на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі.

25 кастрычніка 2018 г. Еўрапейскі парламент абвесціў украінскага рэжысёра і палітычнага зняволенага Крамля Алега Сянцова лаўрэатам прэміі Сахарава.

Сянцоў – першы ў гісторыі прадстаўнік Украіны, якога адзначылі гэтай узнагародай.

Прэмія Сахарава за свабоду думкі з'яўляецца штогадовай узнагародай Еўрапейскага парламента. Яна заснаваная ў 1988 годзе і ўручаецца ў 4 галінах, сярод іншага ў галіне абароны правоў чалавека і ягоных асноўных свабодаў.

Як вядома, 7 верасня паміж Украінай і Расеяй адбыўся маштабны абмен утрыманымі асобамі. У Еўрапарламенце заявілі, што з "нецярпеннем чакаюць" Сянцова.

Апошнія навіны