BE RU EN

Пуцін пакідае Расею стаяць пад дажджом

  • 12.09.2019, 13:16

Расея перажывае стагнацыю і знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі.

"Калі Пуцін хоча застацца ва ўладзе, яму неабходна падняць эканоміку краіны. Гэта звышскладаная задача", - піша швайцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung (пераклад-inopressa.ru).

"Парасон дэманструе ўладу Уладзіміра Пуціна: калі летам 2018 года на чэмпіянаце свету ў футболе расейскі прэзідэнт уручаў кубак, ішоў лівень, але толькі ён адзін не прамок на полі, - адзначае аўтар публікацыі Крысціян Штайнер. - Кіраўнікі Францыі і Харватыі, прэзідэнт FIFA стаялі пад дажджом. Нягледзячы на дрэннае надвор'е на фінале, Чэмпіянат свету стаў для Расеі абсалютным поспехам".

"Праз год дубінкі паліцыянтаў зноў спусцілі на зямлю апошняга маскоўскага летуценніка. Крэмль бачыць пагрозу для сябе нават у нязначных выбарах у Масгардуму і ўжывае жорсткія захады. Новая незадаволенасць людзей падсілкоўваецца не толькі недахопам дэмакратыі. Расейцы хутчэй расчараваныя сённяшняй эканамічнай мадэллю, якая прывяла краіну з квітнеючых 2000-х гадоў да стагнацыі", - паказвае выданне.

"Рэальныя даходы падаюць цягам некалькіх гадоў, і нават паводле прагнозаў аптымістаў рост эканомікі ў 2019 годзе складзе толькі крыху больш за 1%. З 2013 года чысты прыбытак расейцаў знізіўся прыкладна на 10%".

"Даходы расейцаў уразаюцца і павялічанымі падаткамі, а патрэбнае, але радыкальнае падвышэнне пенсійнага ўзросту абурае мноства людзей. Гэтыя тэндэнцыі ціснуць сваім цяжарам на рэйтынг прэзідэнта. Пуцін абяцаў свайму народу добрае жыццё ў абмен на адмову ад палітычных свабод. Калі ён не зможа выканаць гэтае абяцанне, яму давядзецца баяцца за сваю ўладу", - мяркуе Штайнер.

Неўзабаве пасля пераабрання на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін Пуцін абяцаў здзейсніць эканамічны цуд. "Ядром новай палітыкі эканамічнага росту з'яўляюцца мільярдныя інвестыцыі ў інфраструктуру. Тое, што здаецца мэтазгодным, пры найбліжэйшым разглядзе часцяком выяўляецца толькі маніяй велічы. Нават Крамлёўскім планавальнікам давялося ўсвядоміць, што намечаны мост у нікуды не прынясе нічога, акрамя высокіх выдаткаў", - гаворыцца ў артыкуле.

"Праблемай у Расеі з'яўляецца не толькі недахоп інвестыцый. Занадта шмат грошай трапляе ў кішэні ўладальнікаў будаўнічых кампаній, якія падтрымліваюць добрыя сувязі з Крамлём або са спецслужбамі. Менавіта вакол спецслужбаў і былых вайскоўцаў сфармавалася праслойка, якая жыве за кошт дзяржавы: сілавікі набіваюць сабе кішэні, атрымліваюць заказы і хабары і даюць свавольным прадпрымальнікам адчуць, хто ў доме гаспадар".

"У Расеі існуюць два міры: Масква і астатняя частка краіны, - прадаўжае Штайнер. - Масква валодае магічнай прыцягальнасцю і прадаўжае расці. (...) У цэнтры горада штодня з'яўляюцца новыя рэстарацыі, а лімузінаў Maybach у Маскве, напэўна, раз'язджае больш, чым ва ўсёй Нямеччыне. Квітнеюць і асобныя стартапы - калі дзесьці ў краіне і ёсць інавацыі, то ў сталіцы".

Але толькі ў пары гадзін язды ад сталіцы свет выглядае інакш. "Замест шыкоўных вуліц, пешаходных зон і паркаў - глуш, адсталасць і выбоіны на дарогах, калі яны наогул заасфальтаваныя. Калі б не было высокіх субсідый на прыродны газ, многія людзі ў правінцыі, імаверна, не ведалі б, як ім аплачваць рахункі за электрычнасць, газ і ваду".

"У стагнацыі вінаваты і Пуцін. Шэф Крамля празмерна захапіўся сваёй замежнай палітыкай і ізаляваў краіну. (...) Насельніцтва ўсё больш заўважае, што яму даводзіцца плаціць за міжнародную ізаляцыю. Але не толькі замежныя санкцыі аслабляюць эканоміку краіны. Амаль такі ж адмоўны эфект маюць і зваротныя санкцыі. (...) Масква хоча па магчымасці ўсё вырабляць унутры краіны. Расплачваюцца за гэта спажыўцы, якія набываюць менш якасныя тавары больш высокім коштам".

"Агрэсіўная замежная палітыка адпуджвае і іншыя былыя краіны Савецкага Саюза. Традыцыйныя хаўруснікі Расеі ператварыліся ў яе заклятых ворагаў", - падкрэслівае Штайнер. Паміж Масквой і Тбілісі пануе маўчанне, дачыненні з Украінай застаюцца напружанымі, Казахстан і Узбекістан "заўважылі, што партманэт Кітая значна большы за партманэт Крамля". "Расея адчувальна губляе сваю вагу", - канстатуе журналіст.

Расейскім кампаніям бракуе замежных грошай і тэхналогій, а многія інвестары ўсё яшчэ не забыліся пра выпадак арыштаванага амерыканскага інвестара Майкла Калві.

"Без свабоднай юстыцыі і прававой бяспекі для інвестараў і прадпрымальнікаў справіцца са слабым эканамічным ростам будзе немагчыма, - упэўнены аўтар артыкула. - Але Расея не хоча па-сапраўднаму мяняцца. Для гэтага тыя, хто здабываюць выгаду з існага становішча рэчаў, занадта зручна ўладкаваліся. Дзяржава прадаўжае пашыраць свой і без таго вельмі вялікі ўплыў. Адзінае, на чым яшчэ трымаецца краіна, з'яўляецца макраэканамічная стабільнасць. Дзякуючы прадбачліваму Цэнтрабанку і строгай бюджэтнай дысцыпліне, Расея пазбавілася ад залежнасці ад замежных грошай. (...) Так у выпадку крызісу можна будзе, прынамсі, пазбегнуць найгоршага".

"Але ці выстарчыць гэтага? Пуціну па-ранейшаму давядзецца рабіць стаўку на дубінкі сваіх паліцыянтаў. Апошнія буйныя пратэсты 2012 года Пуцін перажыў без асаблівых праблем і павысіў рэйтынг сваёй замежнапалітычнай рашучасцю. На гэты раз адказаць павінна ўнутраная палітыка. Вызначальнае пытанне, - рэзюмуе Neue Zürcher Zeitung, - палягае ў тым, ці ўдасца Пуціну пераадолець застой".

Апошнія навіны