BE RU EN

Навукоўцы знайшлі крыніцу «мацярынскага інстынкту»

  • 10.09.2019, 13:56

Адкрыццё стала вялікім сюрпрызам для навукоўцаў.

Біёлагі з Універсітэта штата Луізіяна (ЗША) правялі даследаванне на дзвюх групах мышэй: у першай былі асобіны мужчынскага полу, у другой - жаночага. Як паведамілі спецыялісты, праца якіх апублікаваная ў часопісе Plos One, яны выявілі групу клетак, якія актывізуюцца пры ўдзеле гармону аксітацыну ў мозгу ў самак мышэй, пры гэтым у самцоў мышэй такіх клетак не выявілася, піша сайт naked-science.ru.

Аксітацын таксама вядомы як «гармон кахання» і адыгрывае важную ролю ў рэгуляцыі паводзін, у тым ліку мацярынскіх.

«Многія навукоўцы спрабавалі высветліць розніцу паміж сістэмай аксітацыну ў жанчын і мужчын, але ніхто дагэтуль не знайшоў пераканаўчых довадаў. Наша адкрыццё стала для нас вялікім сюрпрызам», - распавёў Рыаічы Тэруяма (Ryoichi Teruyama), дацэнт кафедры біялагічных навук Універсітэта Луізіяны.

Рэцэптары аксітацыну, як выявілася, утрымліваюцца ў вобласці мозгу, якая адказвае за так званыя матчыны паводзіны. Больш за тое, паведамілі біёлагі, экспрэсія рэцэптараў аксітацыну ў гэтых клетках назіраецца выключна тады, калі там прысутнічае і эстраген - жаночы палавы гармон. Такім чынам, гэтыя клеткі ўдзельнічаюць у стымуляванні «мацярынскага інстынкту».

«Думаю, наша адкрыццё можа быць універсальным для ўсіх млекакормячых, якія выяўляюць мацярынскі інстынкт, у тым ліку людзей», - падкрэсліў Тэруяма.

Пры гэтым нядаўнія даследаванні ўжо прадэманстравалі сувязь паміж змененай экспрэсіяй рэцэптараў аксітацыну і пасляродавай дэпрэсіяй, якая сустракаецца прыкладна ў 10-20 адсоткаў жанчын-парадзіх. На думку біёлагаў з Луізіяны, іх адкрыццё можа дапамагчы стварыць новыя метады для лячэння пасляродавай дэпрэсіі, мэтай якога стануць ужо клеткі, якія актывізуюцца пры дапамозе аксітацыну.

Апошнія навіны