BE RU EN

Жылая нерухомасць Менска рэзка падаражэла

  • 10.09.2019, 9:27

Попыт на сталічныя кватэры зноў пайшоў угору пасля доўгага падзення.

Паводле звестак Нацыянальнага кадастравага агенцтва, за студзень – жнівень 2019 года ў Менску было зарэгістравана 9674 ўгоды набыцця-продажу кватэраў, а таксама іх частак. Для параўнання, за аналагічны перыяд 2018 года была зафіксавана 10921 угода. Іншымі словамі, у 2019 годзе рынак прасеў на 21,5% у параўнанні з 2018 годам. Праўда, усё гэта адбывалася ў першай палове года, у той час як у другой тэндэнцыя рэзка змянілася – замест таго, каб і далей ісці ўніз, раптам пайшла ўгору, піша ej.by.

Так у студзені попыт на сталічныя кватэры, у параўнанні са студзенем 2018 года ўпаў адразу амаль на 35%, у лютым рынак прасеў яшчэ на 30%, у сакавіку зваліўся ўніз яшчэ на 27%.

У красавіку падзенне рынку на імгненне спынілася, але з траўня зноў прадоўжылася, але ўжо не так хутка, як раней. Сітуацыя кардынальна змянілася ў ліпені, калі ў параўнанні з ліпенем 2018 года рынак раптам рэзка пайшоў угору, прычым адразу на 18,5%. Адзін месяц яшчэ можна было прыняць за анамальны ўсплёск, але рост прадоўжыўся і ў жніўні. Прычым рост даволі інтэнсіўны, калі браць да ўвагі папярэдняе падзенне. Зрэшты, падзенне гэтае было даволі ўмоўным.

Як паводзіў сябе рынак сталічных кватэраў, добра відаць на дыяграме.

З звестак НКА відаць, што 2018 год першапачаткова стартаваў з даволі высокай базы. Ён рос першы квартал, а потым пачаў хутка падаць. У выніку 2019 году давялося стартаваць з нізкай базы і наганяць страчанае. І калі 2018 год скончыўся практычна на тым самым паказніку, на якім і пачаўся, то 2019-ы паказвае стабільны рост – паводле вынікаў жніўня ўжо больш за 62%. Цікава, што гэты рост ідзе ў нагу і з ростам коштаў на сталічныя кватэры.

За студзень – жнівень 2019 года кошт квадратнага метра вырас у Менску на 6% і прадаўжае расці, паколькі пры стабільным павелічэнні попыту колькасць прапановаў на рынку скарачаецца. З улікам таго, што ў жніўні Нацбанк зноў знізіў стаўку рэфінансавання, а банкі ўжо анансавалі змякчэнне ўмоваў крэдытавання, рост кошту квадратнага метра прадоўжыцца і далей разам з ростам попыту на менскія кватэры.

Апошнія навіны