BE RU EN

Рост попыту нафты запаволіўся да мінімуму за 11 гадоў

  • 9.08.2019, 18:10

Попыт нафты сёлета быў самым слабым з 2008 года.

Прыкметы запаволення тэмпаў эканамічнага росту, што ўзмацняюцца, і эскалацыі гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем прывялі да таго, што сусветны попыт нафты расце самымі павольнымі тэмпамі з часоў фінансавага крызісу 2008 года. Пра гэта паведамляе Міжнароднае энэргетычнае агенцтва (МЭА) у сваёй жнівеньскай справаздачы, апублікаванай у пятніцу, 9 жніўня, паведамляе korrespondent.net.

Так, МЭА панізіла ацэнку росту глабальнага попыту нафты ў 2019 годзе на 100 тысяч барэляў у дзень - да 1,1 млн б/д і дапускае далейшы перагляд прагнозу ў бок паніжэння.

Прагноз росту попыту нафты ў 2020 годзе таксама паніжаны ў параўнанні з папярэдняй ацэнкай - на 50 тысяч б/д - да 1,3 млн б/д. Пры гэтым агульны аб'ём попыту застаўся нязменны на 2019 г. і склаў 100,4 млн б/д.

Свой бягучы прагноз экспэрты МЭА называюць у справаздачы «далікатным» і паказваюць на «вялікую верагоднасць яго перагляду ў бок далейшага зніжэння».

Тэмпы росту попыту як у 2019, так і ў 2020 годзе, будуць адставаць ад тэмпаў росту прапановы нафты ад краін «не АПЕК». Так, у 2019 годзе пастаўкі нафты з гэтых краін вырастуць на 1,9 млн б/д, а ў 2020 годзе - на 2,2 млн б/д, чакаюць у МЭА. Як падкрэслівалі экспэрты агенцтва раней, налета рынак будзе вельмі добра забяспечвацца.

У справаздачы МЭА паведамляецца, што ў першай палове года попыт быў слабым. Так, у студзені-траўні ён вырас толькі на 520 тыс. б/д у гадавым вылічэнні, што з'яўляецца самым нізкім тэмпам з 2008 года.

«З'яўляецца ўсё больш прыкмет запаволення эканамічнага росту, многія краіны даюць справаздачу пра слабы рост ВУП у першым паўгоддзі, што кажа пра зніжэнне аб'ёмаў гандлю і вытворчасці. Акрамя таго, пагоршыліся перспектывы гандлёвага пагаднення паміж Кітаем і ЗША, што можа прывесці да зніжэння гандлёвай актыўнасці і меншага росту попыту нафты», - тлумачаць у МЭА.

Раней на гэтым тыдні «чорнае золата» патаннела да мінімуму са студзеня. Нафта губляла ў кошце на фоне асцярог інвестараў адносна наступстваў гандлёвай вайны Кітая і ЗША. Пасля працяглага падзення кошты нафты крыху аднавіліся.

Апошнія навіны