«Можа, малатком стукнуць?»: Расейскага робата Фёдара ўключылі з 10-й спробы
- 31.08.2019, 11:55
Робат нават нешта сказаў, калі ўсё ж такі запрацаваў.
30 жніўня экіпажу Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) з цяжкасцю ўдалося ўключыць дастаўленага напярэдадні з Зямлі расейскага робата Skybot F-850, вядомага як Фёдар (FEDOR - Final Experimental Demonstration Object Research).
Пра гэта са спасылкай на трансляцыю перамоў касманаўтаў паведаміла «РИА Новости».
Электрасілкаванне робата здолеў уключыць расейскі касманаўт Аляксей Аўчынін, ён «раз 10-15 уключаў і выключаў» апарат, перш чым усё запрацавала. Пры гэтым Аўчынін сказаў пра кнопку: «Можа, па ёй малатком стукнуць?»
У гэты час іншы расейскі касманаўт, Аляксандр Скварцоў, быў у экзаскелеце, з дапамогай якога можна кіраваць Skybot F-850.
Аўчынін сцвярджаў, што робат уключыўся «і нават сказаў штосьці».
На старонцы ў Twitter, якая вядзецца ад імя расейскага робата, з'явілася паведамленне, што яму «прыйшлося правесці аўтазапуск».
«Сёння касманаўт Аляксей Мікалаевіч Аўчынін пры запуску маёй аперацыйнай сістэмы прапанаваў выкарыстоўваць малаток і гаечны ключ. Прыйшлося правесці аўтазапуск для пазбягання ўзнікнення далейшых праблем у дыялогу з Аляксеем Мікалаевічам», - гаворыцца ў допісах.
Робат быў дастаўлены на МКС 26 жніўня, калі паспяхова завяршылася паўторная спроба стыкоўкі касмічнага карабля «Саюз МС-14».
На Зямлю робата плануюць вярнуць 7 верасня разам з касмічным караблём «Саюз МС-14».