«Еўравізія-2020» пройдзе ў Ратэрдаме
- 30.08.2019, 15:47
Да апошняга моманту горад вёў спрэчку з Маастрыхтам.
Нідэрландскі Ратэрдам у 2020 годзе прыме ў сябе 65-ы песенны конкурс «Еўравізія». Такую пастанову прынялі тэлекампаніі-гаспадыні агляду супольна з Еўрапейскім вяшчальным саюзам (EBU) і радай кіраўнікоў мерапрыемства, гаворыцца ў пятніцу, 30 жніўня, у атрыманай DW заяве.
«Мы хацелі б падзякаваць усім гарадам, якія прэтэндавалі на правядзенне песеннага конкурсу «Еўравізія» ў 2020 годзе, асабліва Маастрыхту. Праз ягоную ўзорную заяўку нам было надзвычай складана прыняць канчатковую пастанову», - адзначыў выканаўчы прадусар «Еўравізіі» Юн Ула Сан.
Генеральная дырэктарка «Фонду грамадскага вяшчання Нідэрландаў» (NPO) Шула Рэйксман у сваю чаргу назвала Ратэрдам «прадпрымальным і творчым горадам, які выдатна адпавядае характару мерапрыемства».
Першы і другі паўфіналы «Еўравізіі» адбудуцца 12 і 14 траўня, фінал - 16 траўня.
Нідэрланды пятым разам прымаюць конкурс, ён ужо праходзіў у Хілверсюме, Амстэрдаме і двойчы - у Гаазе. Краіна ўдзельнічае ў «Еўравізіі» з яе першага конкурсу, з 1956 года.
Сёлета перамогу ў Тэль-Авіве атрымаў галандзец Дункан Лорэнс з трагічнай баладай Arcade.