BE RU EN

Больш за палову жыхароў РФ не ведаюць год пачатку Другой сусветнай вайны

  • 29.08.2019, 21:05

Толькі 32% расейцаў правільна ўказалі дату.

Падчас апытання толькі 32% жыхароў Расеі правільна ўказалі, калі пачалася Другая сусветная вайна. Яшчэ 52% апытаных уважаюць, што яна пачалася ў 1941 годзе. 6% рэспандэнтаў назвалі іншыя даты, паведаміў svoboda.org 29 жніўня УЦДГМ.

Галоўнай прычынай пачатку Другой сусветнай вайны расейцы назвалі барацьбу за рэсурсы і сферы ўплыву. Так адказала 14%. Яшчэ 13% уважаюць прычынай вайны жаданне Нямеччыны дамагчыся сусветнага панавання. Кожны дзясяты думае, што прычына вайны ў тым, што Нямеччына хацела захапіць Расею. 7% мяркуюць, што вінаватыя рознагалоссі паміж краінамі і сусветная палітыка. Усяго 4% назвалі прычынай вайны падпісанне пакта Молатава - Рыбентропа пра ўзаемны ненапад Нямеччыны і СССР.

Большасць жыхароў краіны ведаюць асноўных саюзнікаў СССР у вайне: так, ЗША назвалі 59%, Вялікабрытанію - 53%, пра Францыю ўспомнілі 31%. Пры гэтым 2% мяркуюць, што сярод саюзнікаў была і Італія. Гэтая ж краіна займае трэцюю пазіцыю сярод ворагаў СССР - з 29%, на першым месцы Нямеччына - 77%, на другім Японія - з 38%. Пры гэтым 5% рэспандэнтаў у ліку праціўнікаў Савецкага Саюза выявілі ЗША, а 3% у гэтай якасці назвалі Вялікабрытанію.

У паведамленні адзначаецца, што за дзесяць гадоў скарацілася доля расейцаў, якія мяркуюць, што ўклад СССР у перамогу ў гэтай вайне быў «асноўным». Цяпер такіх 69%, у 2009 годзе іх было 86%. Дзесяць гадоў таму значную ролю за ЗША пакідалі 4% расейцаў, цяпер толькі 1% уважаюць, што гэтая краіна ўнесла найбольшы ўклад у перамогу.

23 жніўня міністры замежных спраў Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы і Румыніі выступілі з сумеснай заявай з нагоды 80-годдзя падпісання пакта Молатава - Рыбентропа. Яны заклікалі ўрады ўсіх краін не забываць пра злачынствы ідэалогій нацызму і сталінізму і імкнуцца да таго, каб яны больш ніколі не паўтарыліся.

Апошнія навіны