BE RU EN

Увайшоў у дзеянне другі пакет «драконаўскіх» санкцый ЗША супраць Расеі

  • 26.08.2019, 8:58

ЗША будуць перашкаджаць выдачы РФ усялякіх пазык, фінансавай або тэхнічнай дапамогі.

Другі пакет санкцый ЗША ў дачыненні да Расеі паводле справы аб атручэнні экс-выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ўвайшоў у дзеянне. Дакумент апублікаваны на сайце амерыканскага Федэральнага рэестра, паведамляе «Новая газета».

У рамках новых абмежаванняў ЗША будуць перашкаджаць выдачы Расеі ўсялякіх пазык, фінансавай або тэхнічнай дапамогі з боку міжнародных інстытутаў, сярод іншага МВФ і Сусветнага банка.

Амерыканскім банкам забароняць браць удзел у першасным размяшчэнні расейскай суверэннай запазычанасці, намінаванай не ў рублях, і выдаваць крэдыты расейскаму ўраду ў замежнай валюце.

Санкцыі прадугледжваюць узмацненне жорсткасці ліцэнзавання пры продажы Расеі шэрагу тавараў і тэхналогій, зацверджаных амерыканскім міністэрствам гандлю.

Забарона таксама ўведзеная на экспарт у Расею прадукцыі падвойнага прызначэння, якая можа быць выкарыстаная для распрацоўкі хімічнай і біялагічнай зброі.

Першы пакет санкцый ЗША ўвялі ў жніўні 2018 года. Расеі перасталі дапамагаць паводле закону ад 1961 года, «акрамя тэрміновай гуманітарнай дапамогі, прадуктаў харчавання і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў».

Сяргей і Юлія Скрыпаль былі атручаныя ў брытанскім горадзе Салсбэры у сакавіку мінулага года. Паводле версіі Лондана, да інцыдэнту датычныя трое супрацоўнікаў расейскіх спецслужбаў.

Апошнія навіны