BE RU EN

Нарвегія зафіксавала два выбухі пад Северадзвінскам

  • 23.08.2019, 20:08

Другі выбух пацягнуў за сабой усплёск радыяцыі.

Нарвежскі сейсмалагічных цэнтр зарэгістраваў два выбухі падчас выпрабаванняў ракетнага рухавіка на вайскова-марскім палігоне пад Северадзвінскам Архангельскай вобласці Расеі.

Пра гэта паведамляе Reuters (пераклад - «Новое время»).

Першы выбух быў зафіксаваны сейсмічнымі маніторамі і інфрагукавымі датчыкамі ціску паветра, а другі - толькі інфрагукавой сістэмай.

Паводле звестак нарвежскіх навукоўцаў, другі выбух адбыўся праз дзве гадзіны, і пацягнуў за сабой усплёск радыяцыі. Па ўсёй верагоднасці, меў месца выбух на крылатай ракеце, якая працуе на радыеактыўным паліве.

«Мы зарэгістравалі два выбухі, апошні з якіх супаў па часе з паведамленнямі пра павелічэнне радыяцыі», - паведаміла Reuters кіраўніца Нарвежскага сейсмалагічнага цэнтра Анне Стрэмен Люке.

Губернатар Архангельскай вобласці Ігар Арлоў заявіў, што паведамленні пра другі выбух з'яўляюцца дэзінфармацыяй, паведамляе Интерфакс.

З ягоных слоў, прэзідэнт РФ Пуцін «ужо даў вычарпальную інфармацыю што да гэтага пытання, абнародаваў абсалютна правераныя звесткі».

Нагадаем, 8 жніўня на тэрыторыі вайсковага палігона ў Архангельскай вобласці Расеі адбыўся выбух.

У дзень выбуху ў Северадзвінску зафіксавалі «кароткатэрміновае павышэнне радыяцыйнага фону». Узровень радыяцыі быў перавышаны ў 4-16 разоў.

Пазней у дзяржкарпарацыі Расатам паведамілі, што падчас здарэння на вайсковым палігоне загінулі пяць супрацоўнікаў ядзернага цэнтра ў Сарове.

Пасля выбуху ў раёне Северадзвінска станцыі маніторынгу радыяцыі ў расейскіх гарадах Дубне і Кіраве перасталі перадаваць звесткі.

Улады РФ патлумачылі гэта «праблемамі з сувяззю».

The New York Times са спасылкай на амерыканскую выведку адзначае, што выбух адбыўся пры выпрабаванні прататыпа міжкантынентальнай крылатай ракеты з ядранай устаноўкай Буравеснік, якую NATO пазначае як SSC-X-9 Skyfall.

Апошнія навіны