BE RU EN

Сусветны банк заклікаў Беларусь пазбавіцца ад неэфектыўнага дзяржсектара

  • 22.08.2019, 14:56

Чым даўжэй улады зацягваюць, тым складаней будзе.

Беларусі патрэбныя структурныя рэформы, бо традыцыйныя крыніцы росту эканомікі вычарпаныя. Пра гэта ў відэазвароце на сайце Сусветнага банка заявіў кіраўнік прадстаўніцтва СБ у Менску Алекс Крэмер, паведамляе «Белсат».

На яго думку, структурныя змены дазволяць Беларусі стаць «больш моцнай, квітнеючай і эканамічна незалежнай». Разам з тым эканаміст прызнаў, што сур'ёзнае пераўтварэнне будзе цяжкім.

«Але чым даўжэй мы чакаем, тым складаней яно будзе. А сацыяльнае ўздзеянне такіх пераўтварэнняў можна змякчыць прынамсі за кошт узмацнення сацыяльных праграм», - адзначыў ён.

Кіраўнік прадстаўніцтва СБ падкрэсліў, што традыцыйныя крыніцы росту беларускай эканомікі - «запазычанні з-за мяжы, павышэнне коштаў на сыравінныя тавары і хуткі эканамічны рост у суседняй Расеі» - вычарпаныя.

Некаторыя прадпрыемствы прадаць, некаторыя - закрыць

Асноўнай праблемай Беларусі Алекс Крэмер назваў неэфектыўнасць дзяржпрадпрыемстваў. Так, чысты прыбытак дзяржпрадпрыемстваў знізіўся з 5,3% ВУП у 2013 годзе да 1,5% ВУП у 2018-ым, а доля стратных дзяржпрадпрыемстваў вырасла з 7,7% да 12,9%. Таксама істотна вырасла дзяржаўная запазычанасць праз тое, што Беларусь прымала крэдыты за мяжой часткова на аплату страт дзяржпрадпрыемстваў.

Са слоў прадстаўніка СБ, некаторыя дзяржпрадпрыемствы трэба прыватызаваць рынкавымі коштамі, а некаторыя - закрыць. Каб паменшыць негатыўны эфект ад закрыцця, на яго думку, трэба забяспечыць звольненым работнікам магчымасць атрымаць дастатковыя дапамогі ў беспрацоўі.

Алекс Крэмер падкрэсліў, што звольненыя працаўнікі маглі б пайсці працаваць на прыватныя прадпрыемствы, але для гэтага трэба пазбавіцца ад няроўнага стаўлення дзяржавы да прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў. Таксама, дадаў ён, нормы заканадаўства павінны прымяняцца прадказальна і паслядоўна. Калі гэтыя змены будуць выкананыя, пачнецца прыток прыватных інвестыцый і стварэнне працоўных месцаў у прыватным бізнэсе, мяркуе прадстаўнік Сусветнага банка.

Трэба разабрацца з субсідыямі на ацяпленне

Таксама, на яго думку, неабходна разабрацца з субсідыямі на ацяпленне. Сітуацыя, калі сем'і аплачваюць толькі 15,6% яго поўнага кошту, а астатнюю частку аплачваюць або прадпрыемствы за кошт больш высокіх тарыфаў, або дзяржава за кошт субсідый, зніжае канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў і патрабуе пастаянных дзяржаўных пазык для такіх субсідый, мяркуе кіраўнік прадстаўніцтва СБ у Менску.

Зрабіць так, каб бедныя і сацыяльна неабароненыя сям'і не пацярпелі ад падвышэння тарыфаў на ацяпленне, можна з дапамогай пашырэння дзейнай праграмы субсідый на паслугі ЖКГ, адзначыў Алекс Крэмер.

Апошнія навіны