Як выглядае «кантроль Лукашэнкі»: наглядны прыклад
- 22.08.2019, 11:33
Фотафакт з серыі «было/стала».
Больш за год таму ў дзяржаўных СМІ анансавалі пачатак спецпраекту «На кантролі Лукашэнкі», піша Зміцер Дрозд для «Салiдарнасцi».
Першы сюжэт быў прысвечаны стану мясцовых дарог. Галоўным героем першага сюжэту была дарога, якая злучае трасу Капыль-Слуцк з вёскай Яўсеевічы.
«... Больш за гадзіну вымушаныя ісці пешшу жыхары вёскі Яўсеевічы да найбліжэйшага прыпынку, адкуль можна было б дабрацца да цывілізацыі. Праз дрэнныя дарогі вяскоўцы адрэзаныя ад нармальнага жыцця, а гэта значыць, што аптэкі, паліклінікі, крамы, пошта - па-за зонай доступу», - пісала sb.by.
Колькі слоў было сказана абуранымі жыхарамі Яўсеевіч і найбліжэйшых вёсак, бо пра іх, нарэшце, успомнілі. Прычым, іх жыццём зацікавіліся не толькі дзяржаўныя медыя, але і сам Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка, наведваючы яшчэ ў кастрычніку 2017 года Слуцкі раён, паставіў задачу: «Нам трэба мясцовую сетку дарог падняць да ўзроўню рэспубліканскіх дарог. Я маю на ўвазе не ў шырыню і вышыню, а каб людзі маглі па якасных дарогах перамяшчацца».
І справа зрушылася з мёртвага пункту! На шматпакутную дарогу прыехала будаўнічая тэхніка. Хутка і месцамі якасна знялі пласт старога асфальту.
«Вось-вось будзе дарога!» - радасна казалі мясцовыя жыхары: «Прэзідэнт сказаў, прэзідэнт зрабіў!»
Прайшоў час. Дарога так і засталася ў тым жа стане. З ямамі, дзюрамі і расколінамі. Толькі ўжо без асфальту.