BE RU EN

«Брыгаду бацькі адправілі прыбіраць гняздо шэршняў, тата загінуў»

  • 21.08.2019, 11:18

Сын загінулага працоўнага звярнуўся ў Міністэрства працы.

У рэдакцыю tut.by звярнуўся жыхар Пухавіцкага раёна Дзмітрый Навумчык. Яго тата Генадзь Іванавіч працаваў на Рудзенскай газанапаўняльнай станцый. Са слоў маладога чалавекі, 9 ліпеня інжынер аховы працы адправіў брыгаду яго бацькі прыбіраць гняздо шэршняў. «У той жа дзень ад укусу насякомага бацька памёр», - распавядае сын. На станцыі з версіяй сына не згодныя. Кажуць, прыбіраць насякомых мужчыну ніхто не прымушаў, і паведамляюць, што іх супрацоўнік памёр праз вострую сардэчную недастатковасць.

Генадзю Іванавічу было 50 гадоў. Пяць з іх ён працаваў слесарам-сантэхнікам на Рудзенскай газанапаўняльнай станцый. На станцыі ён і памёр. У пасмяротным эпікрызе напісана, што здарылася гэта 9 ліпеня а 16.11. У графе «вядомыя акалічнасці смерці» пазначана: «Са слоў рабочых, уджаліў шэршань».

- Пра тое, што бацькі не стала, мы даведаліся а 18.30, - успамінае Дзмітрый. - Прыехала ці то бухгалтар, ці то жанчына з аддзела кадраў... Сказала, нібыта яны (Генадзь Іванавіч і яго калегі) палезлі здымаць гняздо шэршняў, і адзін шэршань уджаліў бацьку.

На заўтра калегі бацькі падрабязней распавялі Дзмітрыю пра тое, што здарылася. У дзень трагедыі, казалі яны, непасрэдны начальнік Генадзя Іванавіча з'ехаў у Менск за запчасткамі.

- У гэты час на тэрыторыі станцыі працавалі будаўнікі, - перадае тую гутарку сын. - Яны наткнуліся на гняздо шэршняў і папрасілі яго прыбраць. Тады інжынер аховы працы, сказаў брыгадзе, у якой быў бацька, ліквідаваць гэта гняздо. Хтосьці з рабочых звярнуў увагу, што патрэбна спецыяльная экіпіроўка. Але інжынер, з іх слоў, адказаў: «Навошта?» Маўляў, там падняцца і папырскаць. У выніку ім выдалі толькі кавалак плёнкі з брускамі і цвікамі.

Як зразумеў малады чалавек, гняздо шэршняў знаходзілася ў вентыляцыйнай шахце. Рабочым нібыта трэба было зняць краты, што размяшчаліся на адным канцы вентыляцыйнай шахты, і забіць гэты праход плёнкай. Затым з іншага боку «патруціць шэршняў дыхлафосам ці іншым сродкам».

Як стала вядома журналістам, гняздо знаходзілася дзесьці на вышыні трох метраў. У брыгадзе Генадзя Іванавіча было тры-чатыры чалавекі. Забіць брускі загінулы падахвоціўся сам. Чаму? У сына няма адказу.

- Чаму яны не папрасілі кіраўніцтва патэлефанаваць у МНС?

- Яны, можа, і хацелі, - кажа Дзмітрый і ўспамінае 2018-ы: - Год таму, калі на працы яны ўсталёўвалі бардзюры, наткнуліся на гняздо восаў. Восы тады тату пакусалі. Ён пабег у санчастку, там яго выратавалі. Інжынер тады асабіста вазіў яго ў бальніцу. Выходзіць, ён ведаў, што бацьку было дрэнна праз насякомых, і ўсё роўна яго не спыніў (сам спецыяліст кажа, што не ведаў пра гэтыя ўкусы і ў бальніцу Генадзя Іванавіча не вазіў).

Са слоў Дзмітрыя, рабочыя знаходзіліся каля гнязда шэршняў, інжынер аховы працы быў побач. У нейкі момант шэршань нібыта ўкусіў Генадзя Іванавіча ў руку. Мужчына спусціўся са драбінак, інжынер параіў яму апусціць руку ў ваду. Пасля гэтага слесар-сантэхнік наважыў працягнуць працу і зноў падняўся на лесвіцу. Неўзабаве яму стала дрэнна.

- Яго адправілі ў санчастку, там ён і памёр, - распавядае Дзмітрый. - Прадпрыемства дапамагло арганізаваць пахаванне. Але з кіраўніцтва ніхто не прыйшоў, не папрасіў прабачэння. Крымінальная справа не распачатая. Пайшлі размовы, нібыта ў бацькі было хворае сэрца і прычынай смерці стала сардэчная недастатковасць. Але ён у красавіку праходзіў медкамісію, праблем з сэрцам у яго няма (дакументальнага пацверджання гэтага ў рэдакцыі няма).

Нядаўна Дзмітрый сустракаўся з інжынерам. Кажа, галоўнае пытанне, якое яго хвалявала: навошта інжынер аховы працы адправіў брыгаду да гнязда шэршняў.

- Разумею, бацьку ўжо не вярнуць, але чаму пасля гэтай гісторыі ніхто не пакараны? - кажа Дзмітрый. - На целе бацькі я налічыў шэсць укусаў шэршняў: чатыры на твары, па адным на пальцы і ледзь вышэй кісці. Не хачу, каб сказалі, што гэта проста выпадковасць.

«У судмедэкспертызе пазначана: прычына смерці - вострая сардэчная недастатковасць»

На Рудзенскай газанапаўняльнай станцый распавялі: судмедэкспэрты не знайшлі на целе Генадзя Навумчыка ніводнага ўкусу шэршняў. На пытанне, чаму падчас працы загінулы злазіў з драбінаў, каб акунуць руку ў ваду, адказваюць: магчыма, праз страх.

- У даведцы судмедэкспертызы пазначана: «Прычынай смерці з'яўляецца вострая сардэчная недастатковасць, абумоўленая захворваннем сардэчнай цягліцы», - зачыталі дакумент у арганізацыі і патлумачылі, што даручэнні «лезці і здымаць» гняздо насякомых рабочым ніхто не даваў. - Было [даручэнне] забіць адтуліну плёнкай. Але, калі чалавек ведаў, што ён не пераносіць укусаў, ён мог сказаць: я не пайду, укусы мне шкодзяць. Ён жа ішоў туды не пад загадам, а добраахвотна ўзяў драбінкі і палез. Ён праходзіў медкамісію. І нідзе ў яго не пазначана, што ў яго алергія на пчол.

У той момант, кажуць на станцыі, загінулы знаходзіўся ў спецвопратцы. А менавіта «ў той, што належыць на працы»: куртка, штаны, шапка, рукавіцы, чаравікі.

- Не было верагоднасці, што, калі чалавек будзе забіваць адтуліну, шэршні яго ўкусяць?

- Наша станцыя знаходзіцца ў балоце, таму шэршні лёталі па ўсёй тэрыторыі.

- Чаму вы адразу не выклікалі МНС?

- МНС прыязджае толькі ўначы, калі шэршні ў гняздзе. Мы патэлефанавалі, нам сказалі: «Чакайце, прыедзем у дзесяць вечара». У дзесяць вечара яны прыехалі і ліквідавалі гэтых шэршняў.

- Чаму не дачакаліся вечара?

- Ніхто не думаў, што так здарыцца. Там забіць трэба было тры палкі, прыбіць плёнку да адтуліны.

«Падчас агляду цела не было знойдзена слядоў ад укусаў»

У Следчым камітэце паведамілі: цяпер паводле гэтай справы праводзіцца Даследчая праверка.

- Падчас агляду цела (Генадзя Навумчыка) не было знойдзена слядоў ад укусаў, - распавяла Юлія Ганчарова, афіцыйная прадстаўніца СК. - Паводле папярэдніх звестак, атрыманых ад спецыялістаў камітэта судовых экспэртыз, прычына смерці - сардэчнае захворванне.

У Пухавіцкі РАНС выклік з Рудзенскай газанапаўняльных станцый паступіў у пяць вечара на заўтра пасля трагедыі.

- Дыспетчар патлумачыў, што зняцце насякомых праводзіцца пасля заходу сонца, калі ўсе яны вяртаюцца ў гняздо, кажа Наста Швайбовіч, афіцыйная прадстаўніца МНС Менскай вобласці. - 10 ліпеня ў дзевяць вечара нашы падраздзяленні выехалі на станцыю.

На заўтра са станцыі ў МНС паступіў яшчэ адзін выклік. Зноў паведамлялі пра шэршняў. Ратавальнікі зноў выязджалі на месца. А пазней былі на тэрыторыі яшчэ і 15 ліпеня.

P. S. У канцы ліпеня Дзмітрый Навумчык звярнуўся ў Мінпрацы і сацабароны, прасіў, каб на прадпрыемстве правялі праверку. Ставіць кропку ў гэтай гісторыі ён пакуль не мае намеру.

- На станцыі я сказаў, што пайду да канца, - не хавае эмоцый малады чалавек. - Хачу, каб вінаватых у смерці бацькі прыцягнулі да адказнасці.

Апошнія навіны