ЕЗ адказаў прэм'еру Брытаніі: пагадненне пра Brexit пераглядацца не будзе
- 20.08.2019, 14:25
Брытанія хоча ўрэгуляваць пытанне пра межы з Ірландыяй.
ЕЗ не будзе пераглядаць пагадненне пра Brexit у частцы механізму «бэкстоп», выключэнне якога патрабуе прэм'ер Вялікабрытаніі Барыс Джонсан.
Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».
«Бэкстоп» - гэта страхоўка, каб пазбегнуць жорсткай мяжы на востраве Ірландыя, пакуль і калі не будзе знойдзена альтэрнатыва. Тыя, хто выступае супраць «бэкстопа» і не прапаноўвае рэалістычных альтэрнатыў, фактычна падтрымліваюць аднаўленне мяжы. Нават калі яны гэтага не прызнаюць», - напісаў прэзідэнт Еўрапейскай рады Дональд Туск у Twitter.
Пра тое, што пагадненне аб Brexit пераглядацца не будзе, заявіла і прадстаўніца Еўракамісіі на штодзённым брыфінгу ў Брусэлі.
Нагадаем, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан звярнуўся наўпрост да прэзідэнта Еўрапейскай рады Дональда Туска з заклікам перагледзець пагадненне аб Brexit, выключыўшы з яго механізм «бэкстоп».
«Бэкстоп» - механізм, мэта якога - прадухіліць з'яўленне жорсткай мяжы паміж Ірландыяй і Паўночнай Ірландыяй. Супраць яго выступае значная частка брытанскіх дэпутатаў, якія асцерагаюцца, што ён адлучыць Паўночную Ірландыю ад астатняй часткі Злучанага Каралеўства.