BE RU EN

У Менску прайшоў пікет супраць «закона аб адтэрміноўцы»

  • 19.08.2019, 20:25

Пікет прайшоў у Тучынскім скверы.

Актывісты руху ProtestBy правялі першы пікет супраць закона аб скасаванні адтэрміновак ад войска. Пікет прайшоў у Тучынскім скверы, трансляцыя вялася на інстаграм-старонцы руху. Мерапрыемства было ўзгодненае з мясцовымі ўладамі, паведамляе БелаПАН.

У пікеце ўзялі ўдзел чатыры чалавекі. Яны трымалі плакаты «Служить, служить и служить», «Не диплом красит человека, а человек траву». Таксама прысутныя скандавалі лозунг «Вучоба важней!».

«Каб цалкам авалодаць сваёй спецыяльнасцю, трэба цалкам адвучыцца на двух прыступках (бакалаўр і магістр. - Заўвага). Цяпер нас спрабуюць пераканаць, што магістратура не з'яўляецца абавязковай і ніколі ёй не была. У нас проста адымаюць кавалак ведаў», - заявіў актывіст.

Пікет доўжыўся блізу 20 хвілін. На месцы прысутнічалі медыкі і праваахоўнікі ў цывільным.

Закон «Аб змяненні законаў у пытаннях эфектыўнага функцыянавання вайсковай арганізацыі дзяржавы» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 24 ліпеня. Дакумент прадугледжвае выдаванне адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама аднаразовай адтэрміноўкі для атрымання першай адукацыі, якая дазваляе атрымаць спецыяльнасць або прафесію. Такім чынам, выпускнікі навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнага профілю да навучання ў ВНУ і выпускнікі ВНУ - бакалаўры да навучання ў магістратуры або аспірантуры павінны будуць адслужыць у войску.

Апошнія навіны