BE RU EN

У Брытаніі апублікавалі новыя довады ўдзелу РФ у бітве пад Ілавайскам

  • 19.08.2019, 11:56

У бітве бралі ўдзел танкі Т-72B3, якія былі на той момант толькі ў расейскага войска.

У бітве пад Ілавайскам у 2014 годзе супраць узброеных сіл Украіны выкарыстоўваліся танкі Т-72B3, якія былі на той момант толькі ў Расеі. Такія высновы апублікавала зарэгістраваная ў Лондане следчая група Forensic Architecture. На думку аўтараў расследавання, гэта пацвярджае факт вайсковага ўмяшання Масквы ва ўкраінскі канфлікт, паведамляе dw.com.

Група Forensic Architecture была ўпаўнаважаная Еўрапейскім цэнтрам абароны правоў чалавека і Украінскай групай прававога кансультавання (Ukrainian Legal Advisory Group) сабраць усе існыя ў адкрытым доступе довады вайсковай прысутнасці Расеі на ўсходзе Украіны.

Расследаванне тычыцца таксама ўкраінскіх салдат-добраахвотнікаў, якія трапілі ў палон да прарасейскіх сепаратыстаў падчас бітвы пад Ілавайскам у 2014 годзе.

У раёне Ілавайска выкарыстоўвалася 300 адзінак расейскай баявой тэхнікі

Падчас расследавання выкарыстоўваліся кампутарныя праграмы для аўтаматычнага аналізу відэаматэрыялу, фота са спадарожніка Google Earth, а таксама наяўныя ў адкрытым доступе артыкулы мясцовых журналістаў і іншыя матэрыялы.

У выніку спецыялісты Forensic Architecture здолелі выявіць блізу 300 адзінак расейскай айсковай тэхнікі, задзейнічанай паблізу гарадоў Ілавайска і Луганска. Адпаведныя кадры прадстаўлены на інтэрактыўнай карце на сайце расследавання. Да сённяшняга дня Расея адмаўляе сваё вайсковае ўмяшанне ва ўкраінскі канфлікт.

«Ілавайскі кацёл»

Бітва ля Ілавайска паміж узброенымі сіламі Украіны і прарасейскімі сепаратыстамі стала важным этапам вайсковага канфлікту ва Украіне. Нягледзячы на першапачатковую перавагу ўкраінскага войска, сепаратыстам удалося атрымаць над ёй перамогу, узяўшы узброеныя сілы Украіны ў атачэнне.

У сувязі з гэтай падзеяй, якая атрымалі назву «Ілавайскага катла», узніклі здагадкі, што пераламаць сітуацыю сепаратыстам дапамагла вайсковая падтрымка з боку РФ.

Чакаецца, што сабраныя групай Forensic Architecture довыды вайсковага ўдзелу РФ у бітве пад Ілавайскам будуць выкарыстаныя для разгляду пазоваў жаўнераў-добраахвотнікаў украінскага войска супраць Расеі ды Украіны ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека (ЕСПЧ).

Апошнія навіны