У Свярдлоўскай вобласці Расеі адбылося аварыйнае адключэнне энэргаблока АЭС
- 18.08.2019, 14:54
Чацвёрты энэргаблок Белаярскай АЭС адключыўся праз сігнал аб непаладках.
Энэргаблок №4 Белаярскай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца ў Свярдлоўскай вобласці, быў спынены раніцай 18 жніўня пад дзеяннем аўтаматычнай абароны.
«Прычынай адключэння энэргаблока паслужыла ілжывае спрацоўванне адной з ахоўных сістэм. Прыпыненне энэргаблока праведзенае паводле штатнага алгарытма па нармальнай схеме. Пасля высвятлення прычын здарэння ён зноў будзе ўключаны ў сетку і адновіць працу», - паведамляе «Росэнэргаатам».
Трэці энэргаблок АЭС прадаўжае працу згодна з графікам нагрузак.
Ва ўстанове адзначылі, што радыяцыйны фон у ваколіцах Белаярскай АЭС у сувязі з інцыдэнтам не падвышаўся і «знаходзіцца на ўзроўні натуральнага прыроднага фону».
Чацвёрты энэргаблок Белаярскай АЭС з унікальным рэактарам на хуткіх нейтронах БН-800 адключыўся праз сігнал аб непаладках, паведамілі РІА «Новости» ў прэс-службе станцыі.
«Калі дзесьці праскоквае сігнал непаладкі, то спрацоўвае абарона. Спрацавала аўтаматыка. Адбылося зніжэнне магутнасці энэргаблока паводле штатнага алгарытму. Энэргаблок знаходзіцца ў напалову разгружаным стане, пакуль адключаны», - сказаў суразмоўца агенцтва.
Паводле звестак прэс-службы, адхіленняў ад межаў і ўмоў бяспечнай эксплуатацыі няма.
Цяпер высвятляюцца і ліквідуюцца прычыны адключэння электрагенератара, пасля гэтага энэргаблок адновіць працу.
Папярэдняе пазапланавае адключэнне блока №4 БАЭС адбылося 12 ліпеня праз змену характарыстык кандэнсатара, убудаванага ў выключальнік турбагенератара.
Белаярская АЭС працуе з 1964 года. Два яе першыя энэргаблокі ўжо цалкам адпрацавалі свой рэсурс і цяпер спыненыя.