BE RU EN

На МАЗе да юбілею прадпрыемства працаўнікам выдалі прэмію... каўбасой

  • 17.08.2019, 12:55

Такі ж набор давалі на Новы год.

У сацсетках абмяркоўваецца незвычайная прэмія, якую выдалі работнікам МАЗ да 75-годдзя прадпрыемства – два пакункі каўбасы. Людзі кажуць, што лепш бы яе выдалі грашыма, піша tut.by.

ФОТА: PIXABAY.COM

Пра заахвочванні працаўнікоў каўбасой напісалі ў «Фэйсбуку». «У эканоміцы нешта не так. У Заводскім раёне Менска толькі і размоў, што працаўнікам МАЗа да юбілею завода выдалі кожнаму па 12 кілаграмаў каўбасы. Некаторыя працуюць там сем'ямі. Калі прадукт уласнай вытворчасці - быў калісьці і цэх у дапаможнай гаспадарцы, то гэта значыць, што каўбасу яны рабіць не ўмеюць і прадаваць не могуць».

Журналісты запыталіся ў работнікаў прадпрыемства, ці сапраўды ім выдалі прэмію каўбасой.

- Так, акурат цяпер ем яе, - распавяла адная з працаўніц МАЗа. - Выдалі кожнаму па 2 запаяныя мяшкі рознай каўбасы. Заслужаным работнікам яшчэ і чырвоныя тэчкі з падзякамі.

Пацвердзіў кілбасную прэмію і яшчэ адзін работнік прадпрыемства.

- Я не ўзважваў, ці 12 кілаграмаў каўбасы там было, але так, каўбасы далі шмат, - распавёў хлопец. Такі набор атрымалі ўсе працаўнікі. На Новы год такі ж давалі і грашовую прэмію.

- Лепш бы грашыма далі! - абурылася адна з працаўніц заводу ў сацсетках. - Нам дзяцей у школу цяпер адпраўляць, нават невялікая сума лішняй не была б. А цяпер еж гэтую каўбасу. Тым больш, што тэрмін захоўвання ў яе невялікі.

Трапіў да нас і спіс таго, што было ў прадуктовых наборах. Каўбасы было не 12 кілаграмаў, а ўсяго толькі 8,5. Вытворцы - Менскі мясакамбінат і агракамбінат «Дзяржынскі». Таксама ў наборы было па 780 грамаў печыва «Слодыч» і кілаграм сыру Гарадскога малочнага завода №1. Разам з ПДВ кожны прадуктовы набор каштаваў 110,93 рубля, а без ПДВ - 100 рублёў.

Пракаментаваць абраны спосаб прэміі працаўнікам на прадпрыемстве праз тэлефон адмовіліся, бо не ведаюць, ці журналіст гэта тэлефануе. Сказалі, што для атрымання інфармацыі трэба прыехаць асабіста.

Апошнія навіны