У беларускай Нарачы ўсталююць мемарыяльную дошку ў гонар жонкі Леха Качыньскага
- 15.08.2019, 15:06
Марыю Качыньскую хрысцілі ў нарачанскім касцёле.
22 жніўня ў касцёле ў Нарачы ўсталююць мемарыяльную дошку ў гонар жонкі экс-прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага - Марыі. Яе хрысцілі тут у 1942-м. На цырымонію ў храм прыедзе кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе афіцыйны партал catholic.by.
Нагадаем, 10 красавіка 2010-га ў авіякатастрофе пад Смаленскам загінула польская дэлегацыя з 88 чалавек, у тым ліку прэзідэнта Леха Качыньскага і яго жонку Марыю, ураджэнку Беларусі (у дзявоцтве Мацкевіч).
Яна нарадзілася ў 1942 годзе ва ўрочышчы Махава пад Кабыльнікам (цяпер - аграгарадок Нарач), а праз месяц пасля нараджэння была хрышчоная ў мясцовым касцёле. Паколькі дом сям'і Мацкевічаў ужо не захаваўся (застаўся толькі падмурак), то дошку ў памяць аб Марыі Качыньскай да 77-годдзя з дня яе нараджэння наважылі ўсталяваць у тым самым касцёле святога апостала Андрэя.
З адпаведнай ініцыятывай выступіла пасольства Польшчы ў нашай краіне. Дошка выканана ў форме разгорнутай кнігі з крыжам, надпісы на ёй - па-беларуску і па-польску.
Цырымонія пройдзе 22 жніўня, падчас святой імшы, якая пачнецца а 18.30. Службу ўзначаліць Тадэвуш Кандрусевіч. Удзел возьмуць і афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы.