BE RU EN

ЗША абмяркоўваюць з хаўруснікамі разгортванне ракет у Азіі

  • 14.08.2019, 9:58

Гэта адбудзецца пасля канчатковага выхаду з ДРСМД.

Вашынгтон кансультуецца са сваімі хаўруснікамі што да планаў разгортвання ракет сярэдняй далёкасці ў Азіі, у той час як Кітай кажа, што адкажа контрзахадамі.

Пра гэта паведамляе AP са спасылкай на высокапастаўленага амерыканскага дыпламата, піша «Еўрапейская праўда».

Вашынгтон заявіў, што плануе размясціць такую зброю ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне пасля выхаду ЗША з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці (ДРСМД).

ЗША абвінавацілі іншага ўдзельніка Дамовы, Расею, ў махлярстве праз распрацоўку сістэм узбраенняў, забароненых паводле дамовы. Аднак многія аналітыкі кажуць, што Вашынгтон ужо даўно імкнецца разгарнуць ракеты сярэдняй далёкасці, каб супрацьстаяць арсеналу, які расце ў Кітаі.

У аўторак на селектарнай нарадзе намесніца Дзярждэпартамента ў пытаннях кантролю над узбраеннямі і міжнароднай бяспецы Андрэа Томпсан заявіла, што ўрады прымуць пастанову аб размяшчэнні такіх ракет.

«Кожная пастанова ў гэтым рэгіёне будзе прынятая ў рамках кансультацый з нашымі хаўруснікамі, гэта не аднабаковая пастанова ЗША», - заявіла Томпсан.

Хаўруснікі ЗША ў дамове аб узаемнай абароне Японія, Паўднёвая Карэя і Аўстралія ўважаюцца за галоўных кандыдатаў на ракетную базу, хоць Пекін папярэдзіў, што кожная краіна, якая прыме такое пагадненне, сутыкнецца з адплатай, магчыма, у форме эканамічнага байкоту або аналагічных санкцый.

Хоць Кітай падтрымлівае вялікі запас ракет сярэдняй далёкасці, Пекін сцвярджае, што яны не могуць дасягнуць ЗША, у той час як ракеты, разгорнутыя ЗША ў Азіі, будуць знаходзіцца на адлегласці ўдару ад мацерыковага Кітая.

Апошнія навіны