Жыхары Магілёва бунтуюць супраць «дзеячаў» з ЖКГ
- 14.08.2019, 9:54
Супакойваць грамадзян прыехаў галоўны камунальнік.
Больш за паўгода жыхары 16-га дома на вуліцы Жамчужная ў Магілёве звяртаюцца да чыноўнікаў па дапамогу - у доме цячэ дах. Ды не толькі, паведамляе «Белсат».
Жыхары кажуць:
«Пачала зацякаць ліфтавая шахта, пачалі адключаць ліфты».
«А вось на гэтай прыступцы ўпасці - элементарна».
«Два месяцы тэлефаную! Мне: «Заўтра», «Да канца ліпеня»! Я кажу: «У мяне ў гіпсе нага!». А мне кажуць: «Зробім!»
Скаргі і звароты ў ЖЭУ не дапамагалі. Жыхары пайшлі ў абласны выканкам.
«Да нас прыязджаў кіраўнік ЖЭУ нашага, потым галоўны інжынер. Тут яны крычалі, і нам прыйшоў адказ: усё зробяць у траўні», - распавядае Таццяна Тарасава, жыхарка дома.
Не зрабілі. А на мінулым тыдні прайшоў моцны дождж, кватэры зноў заліло. Таццяна не вытрымала і рушыла да кіраўніка абласнога выканаўчага камітэта:
«Ну, я туды прыйшла. Пагутарыла з кіраўніцай аб зваротах грамадзян. Яна казала, што пакліча чалавека, які дапаможа. І паклікала нам Папкова Сяргея...»
Папкоў - кіраўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёва - дапамог. За тры дні пасля яго наведвання работнікі вычысцілі тэхнічны паверх ад смецця і мёртвых галубоў, скасілі траву і павесілі дошку аб'яў, нават новыя лаўкі паставілі. Але той факт, што рух пачаўся толькі перад прыездам кіраўніцтва, абурыў жыхара дома Дзмітрыя Маркевіча:
«Я падышоў да майстра: «Чаму так адбываецца? Калі камісія - у вас пачынаецца!» - «Гэта не твая справа!» Паслаў як трэба. Ну, я таксама яго паслаў. Не вытрымаў! Пачалі спрачацца, мяне супакоілі: «Ціха, не спрачайцеся. Ідзі адсюль, не твая справа - і ўсё!»
Аднак хутка ў жыхароў з'явілася магчымасць паскардзіцца на няветлівых работнікаў іх кіраўніцтву, якое падаспела з камісіяй.
Скаргі выслухоўваць прыехаў Сяргей Папкоў - кіраўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёва. Яшчэ на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама ён набыў славу «моцнага гаспадарніка»: крытыкаваў працу камунальных службаў горада і пагражаў аб'ехаць з праверкамі ўсе буйныя паселішчы раёна. Ягоны выступ перад народам нагадвае стыль самага высокага беларускага чыноўніка.
Спачатку Папкоў трохі засаромеўся камер «Белсата». Але пад ціскам грамадскасці ён пастанавіў усё ж правесці сход і пачаў ушчуваць сваіх падначаленых:
«Паўтараю! Да першага нуль шостага. Сплаціць жыхарам шкоду! Заплацілі? Не. Чаму? Я пытаюся: чаму не сплачаная шкода?»
У выніку паабяцаў узяць сітуацыю пад асабісты кантроль:
«Мы яе выправім у тыя тэрміны, якія мы вызначылі. Мабыць, у канцы жніўня..»
Тым не менш на некаторых жыхароў перформанс кіраўніка ЖКГ зрабіў уражанне:
«Прыезд сёння Сяргея Валер'евіча нам вельмі спадабаўся, атрымалася канструктыўная размова. Ён адказаў на ўсе нашы пытанні, менавіта пра нашу скаргу», - падзялілася Марына Ігнатовіч.
А ўжо ў канцы жніўня, са слоў самога чыноўніка, можна будзе падвесці вынікі гэтай канструктыўнай размовы.