BE RU EN

Пад Браславам дайверы знайшлі рэшткі моста, якому 500 гадоў

  • 13.08.2019, 14:27

На востраве возера Неспіш у Браслаўскім раёне гэтым летам вядуцца археалагічныя раскопкі.

Валанцёры даследуюць рэшткі уніяцкага базыльянскага манастыра, які стаяў на гэтым месцы 500 гадоў назад, піша «Онлайнер».

Да экспедыцыі далучыліся і дайверы цэнтра «Марскі пегас», яны даследавалі дно возера і выявілі там палі старажытнага моста, які вёў на востраў.

«Дайверы распачалі спробу размыць глей вакол адной з паляў, каб вымераць яе даўжыню. Паказанні прыбораў паказалі на 1,5-2 метра, але размыць глей да пачатку палі так і не ўдалося. Давялося абрэзаць частку палі, каб транспартаваць яе ў лабараторыю. 11 жніўня ўзор палі быў адпраўлены ў Менск у Акадэмію навук для ўстанаўлення ўзросту драўніны, што пакажа і на ўзрост самага моста. Калі ўсё так, як мы думаем, то яго ўзрост як мінімум 500 гадоў», - паведамляецца ў Facebook-акаўнце Цэнтра рэгіянальнага развіцця «Браслаў».

Цалкам магчыма, што і сам мост таксама ляжыць у тоўшчы глею. Дайверы гатовыя заняцца ўздымам гэтага моста для яго наступнага аднаўлення і рэстаўрацыі. У Беларусі такіх праектаў яшчэ не было.

Ініцыятарам праекту «Востраў Манастыр» выступае Цэнтр рэгіянальнага развіцця «Браслаў». Археолагі і актывісты сваёй канчатковай мэтай бачаць аднаўленне кляштара і моста з берага на выспу. Тады гэта месца стане гісторыка-культурнай славутасцю.

ФОТА: FACEBOOK.COM/CENTRBRASLAV
ФОТА: FACEBOOK.COM/CENTRBRASLAV

Апошнія навіны