BE RU EN

Беларуская пенсіянерка ўстанавіла камеру, каб злавіць суседа на нелегальным рамонце аўто

  • 13.08.2019, 12:19

Але жанчыне ніхто не верыць.

Жыхарка прыватнага сектара Валянціна Данілян амаль два гады ходзіць па інстанцыях і спрабуе давесці, што ейны сусед у літаральным сэнсе перакрывае ёй кісларод. Яна сцвярджае, што мужчына начамі ўпотай фарбуе аўто, а ўсе шкодныя пары ідуць да яе ў дом. Але жанчыне ніхто не верыць, паведамляе Intex-press.

Пенсіянерка Валянціна Данілян жыве адна ў прыватным доме. Гадоў шэсць таму суседні з ёй надзел купіў прадпрымальнік Раўшан Сулейманаў. Спачатку суседства з ІП не прыносіла жанчыне дыскамфорту. Наадварот, кажа яна, размаўлялі, хадзілі адзін да аднаго ў госці. Але апошнія два гады суседзі знаходзяцца ў стане пастаяннага канфлікту праз бізнэс прадпрымальніка.

«Ад зваркі скача напружанне»

Раўшан Сулейманаў афіцыйна зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, тып дзейнасці - тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў. Але Валянціна Данілян сцвярджае, што акрамя рамонту ён займаецца яшчэ зваркай і афарбоўкай аўто ў сябе ў гаражы, які знаходзіцца даслоўна за два крокі ад яе дома.

- Працуе ён па начамі, бо яму забаронена гэтым займацца. Рэжа, пілуе. Але страшней за ўсё - зварка і афарбоўка. Ад зваркі ў мяне ў доме скача напружанне, гляджу тэлевізар, а ён замест выявы вясёлкавыя разводы паказвае, - у довад сваіх слоў Валянціна Данілян паказвае фота з экранам свайго тэлевізара, на якім сапраўды нічога не бачна, акрамя каляровых плям. - А калі фарбуе, усе пахі ў мяне ў доме, не магу дыхаць. Галава пачынае балець, лёгкія быццам пластыкам нейкім ахінае!

Са словах гараджанкі, спачатку яна спрабавала дамовіцца з суседам - безвынікова.

- Я прасіла па-добраму, а ён - гэта мае грошы, і ўсё тут. Таму надумала шукаць дапамогу з боку, - распавядае жанчына.

«Мне ніхто не верыць»

Куды толькі Валянціна Данілян не звярталася: пісала лісты ў гарвыканкам, санстанцыю, МНС, падатковую, іншыя кантрольныя органы.

- Але на большасць сваіх зваротаў атрымлівала толькі адпіскі. А шматлікія камісіі, якія збіраліся наконт гэтага пытання, то не маглі трапіць у двор суседа, то не знаходзілі ніякіх парушэнняў, - кажа гараджанка.

Хоць некаторыя адказы з гарадскіх інстанцый пацвярджаюць, што праблему Валянціна Данілян не прыдумала. Да прыкладу, у адным з адказаў, які жанчына атрымала з гарвыканкаму год таму, гаворыцца, што ў ходзе абследавання гаража прадпрымальніка было ўстаноўлена, што ён «выконвае паслугі рамонту і тэхнічнага абслугоўвання транспартных сродкаў, у тым ліку ажыццяўляе зварачныя, кузаўныя і фарбавальныя працы», пры тым, што месцазнаходжанне яго гаража не дазваляе гэтага рабіць. Тады ІП выдалі прадпісанне аб забароне праводзіць гэтыя працы ў сябе ў гаражы. Але, як запэўнівае гараджанка, прадпісанне гэта сусед парушае. Праўда, як гэта даказаць, яна не ведае.

- Я ўжо ўстанавіла ў сябе ў двары відэакамеру, бо мне ніхто не верыць. І на ёй відаць, асабліва ўвечары, што ад гаража ідуць выкіды. А мне кажуць, што нічога не відаць і на запісе проста блікі ад сонца! - жанчына ледзь не плача ад бяссілля. - Два гады я змагаюся і нічога не магу зрабіць, таму і надумала прыйсці ў рэдакцыю. Мяне робяць дурніцай, а я сапраўды сябе дрэнна адчуваю. Нават рэспіратар купіла, бо немагчыма дыхаць.

«Яна мне проста зайздросціць»

Сусед Валянціны Данілян на тэлефанаванне карэспандэнта Intex-press з просьбай распавесці сваю версію сітуацыі, якая склалася адрэагаваў спакойна і заявіў, што рамонтныя работы ў гаражы не вядзе, і што суседка паклёпнічае на яго.

- У мяне ёсць месца, дзе аўто рамантаваць. У гэтым гаражы я нічога не раблю, у мяне нават інструмента і абсталявання там няма, проста гараж, - кажа Раўшан Сулейманаў. - Нядаўна да мяне прыязджалі чалавек 15 кантралёраў - нічога не знайшлі. Яна мне проста зайздросціць, што я сам працую, зарабляю, дом будую, а ў яе грошай няма.

Са слоў мужчыны, ён стаміўся ад неабгрунтаваных, на ягоную думку, нападак суседкі і нават сам пісаў на яе заяву ў міліцыю. Але там яму сказалі, што караць жанчыну няма за што, і што на ейныя скаргі абавязаны рэагаваць, колькі б яна іх ні пісала.

Чым скончыцца гэты канфлікт, невядома. Відавочна, бакі самі зайшлі ў нявыкрутку і не ведаюць, што ім далей рабіць. Але хочацца спадзявацца, што суседзі нарэшце пачуюць адзін аднаго і змогуць знайсці кампраміс.

Алег Бандык, юрыст:

- Адзінае, што я магу параіць жанчыне ў гэтай няпростай сітуацыі, - сабраць сведкаў, гатовых стаць на ейны бок у судовым разглядзе, і падаваць у суд пазоў аб спыненні ІП дзейнасці, якая чыніць шкоду здароўю. Акрамя гэтага, яна можа напісаць ліст у пракуратуру з патрабаваннем праверыць дзейнасць прадпрымальніка ў начны час. Думаю, змогуць гэта зрабіць, прыцягваючы органы міліцыі.

Апошнія навіны