BE RU EN

Новы дзяржзавод у Бярозе будзе ліквідаваны, ледзь паспеўшы запрацаваць

  • 11.08.2019, 13:50

Абсталяванне з Італіі для яго каштавала больш за 21 мільён еўраў.

Эканамічны суд Берасцейскай вобласці закончыў працэдуру санацыі рэспубліканскага прадпрыемства «Бярозатара». Тэрмiн лiквiдацыйнага вядзення вызначаны да 31 ліпеня 2020 года. Інфармацыю пра гэта паведамілі ў судзе, паведамляе tut.by.

У 1989 годзе на замову Дзяржаграпрама СССР была прынятая пастанова пра будаўніцтва ў Бярозе завода спажывецкай і транспартнай тары. Ён праектаваўся і будаваўся як буйны вытворчы комплекс для выпуску розных відаў упакоўкі і прадукцыі для прамысловых прадпрыемстваў. У 1997 годзе на прадпрыемстве было ўсталяванае абсталяванне, і пачаўся выпуск металічных накрывак для шкляных слоікаў.

У 2001 годзе перайменавана ў дзяржпрадпрыемства «Бярозатара». Потым была запушчаная вытворчасць накрывак для закупоркі дзіцячага харчавання ў шкляных слоіках і лакавання і літаграфавання бляхі.

Аднак на «Бярозатары» заставаліся недабудаваныя свабодныя плошчы. У 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка ўхваліў рэалізацыю праекта стварэння ўпакоўкі для вадкіх харчовых прадуктаў тыпу «тэтрапак». У Беларусі такая ўпакоўка не выпускаецца, і новая вытворчасць ідэальна ўпісалася ў праграму імпартазамяшчэння. Пастаўшчыком абсталявання выступіла італьянская кампанія «Агратэхніка». Ягоны кошт склаў 21,2 млн еўраў. Агульныя інвестыцыйныя затраты ў праект былі на парадак большыя, фінансаваліся за кошт крэдыту Белаграпрамбанка.

У 2011 годзе новую вытворчасць наладзілі. Планавалася выпускаць 500 млн упаковак за год. Але загрузка магутнасцяў складала менш за 1%. Кантралёры звязвалі гэта з недастатковай прапрацоўкай цэлага шэрагу праблемных пытанняў. Адно з іх – адсутнасць неабходнай сыравіннай базы (на той момант заводы ў Гомельскай вобласці для выпуску кардону з беленай сульфатнай цэлюлозы толькі пачыналі будаваць). Беручы пад увагу, што імпартны складнік у беларускай упакоўцы даходзіў да 95% з адпаведным перакосам коштаў, гэтая ўпакоўка проста не знаходзіла збыту, пісаў «Вячэрні Брэст». «Бярозатара» не змагла канкураваць з замежнымі пастаўшчыкамі.

У выніку ўзніклі праблемы з вяртаннем крэдытных рэсурсаў. Працэдура санацыі ў адносінах да «Бярозатары» была запушчаная ў верасні 2016 года і неаднаразова падаўжалася. Улады спадзяваліся знайсці развязанне пытання. Напрыклад, спадзяваліся на прыход новага інвестара.

У выніку нядаўна Эканамічны суд Берасцейскай вобласці запусціў працэдуру лiквiдацыйнага вядзення «Бярозатары» да 31 ліпеня 2020 года.

«Гэта новае прадпрыемства, якое не прапрацавала ні аднаго дня. Заява ў суд пра ягоную эканамічную неплацежаздольнасць (банкруцтва) была пададзеная ўласнікам – Мінсельгасхарчам. Мы спрабавалі яго саніраваць, але, на жаль, беспаспяхова», – канстатаваў старшыня Эканамічнага суда Берасцейскай вобласці Сяргей Кулак (цытата паводле 1reg.by).

Суд пастанавіў, што кошт актываў пазыкоўцы складае 44 млн рублёў, агульная сума патрабаванняў крэдытораў – 25 млн рублёў. Прадаваць прадпрыемства плануецца адзіным комплексам.

Апошнія навіны