Пуцін абвінаваціў ветракі ў бедах птушак і чарвякоў
- 9.07.2019, 21:59
Кіраўнік Крамля бліснуў ведамі ў экалогіі.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін раскрытыкаваў ветравыя электрастанцыі, бо, на ягоную думку, яны чыняць шкоду навакольнай прыродзе, піша "Украінская праўда".
Пра гэта ён заявіў у аўторак на "Глабальным саміце вытворчасці і індустрыялізацыі", які праходзіў у расейскім Екацярынбургу.
"Ці камфортна будзе людзям жыць на планеце, застаўленай частаколам ветракоў і пакрытай некалькімі пластамі сонечных батарэй?" - ставіць Пуцін рытарычнае пытанне.
Такія крыніцы энергіі ён параўноўвае з "змятаннем смецця пад дыван".
"Вось усе ведаюць, што ветравая генерацыя добрая, але пра птушак хіба ўспамінаюць у гэтым выпадку? Колькі птушак гіне", - бядуе расейскі лідар.
Успомніў ён і аб наступствах энэргіі ветру для чарвякоў.
"Яны (ветрагенератары) так трасуцца, што чарвякі вылазяць з зямлі", - адзначыў Пуцін.
"Гэта не жарты, напраўду, гэта сур'ёзныя наступствы прымянення вось гэтых сучасных спосабаў атрымання энэргіі", - сказаў ён.