BE RU EN

Затрыманыя паводле справы аб выбухах на салюце расейцы знаходзяцца на Валадарцы

  • 9.07.2019, 11:10

Іх наведалі дыпламаты РФ.

Затрыманыя паводле справы аб выбухах на салюце расейцы ўтрымліваюцца ў СІЗА на Валадарскага. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі Сяргей Араеў.

Дыпламат расказаў, што 8 ліпеня супрацоўнікі амбасады наведалі затрыманых прадстаўнікоў фірмы «Піра-Рос». Сустрэча адбылася ў следчым ізалятары № 1 горада Менска, што на вуліцы Валадарскага, дзе знаходзяцца затрыманыя Максім Сапронаў і Канстанцін Дзянісаў.

«Стан здароўя расейскіх грамадзянаў здавальняльны, скаргаў на ўмовы ўтрымання расейцы не маюць. Прадаўжаецца праца з адвакатамі, падтрымліваецца сувязь са сваякамі затрыманых», – апавёў Араеў.

Напярэдадні, нагадаем, стала вядома, што расейскія дыпламаты запыталі сустрэчу з затрыманымі жыхарамі расейскага Сергіева Пасада Максімам Сапронавым і Канстанцінам Дзянісавым. Кіраўніцтва прадпрыемства «Піра-Рос», супрацоўнікамі якога з'яўляюцца маладыя людзі, сцвярджае, што яны былі адпраўленыя ў Менск «як кансультанты», а да вытворчасці прадукцыі не маюць ніякага дачынення.

Там таксама заявілі, што 3 ліпеня ўсе наладачныя працы выконвалі беларускія вайскоўцы, а прадстаўнікі «Піра-Роса» назіралі за працэсам.

Апошнія навіны