Беларусь перакрыла пастаўкі расейскага газу ў Вільню і Калінінград
- 8.07.2019, 15:15
Пачаты рамонт газаправода.
Беларусь у панядзелак пачала рамонт магістральнага газаправода Менск-Вільня-Коўна-Калінінград, таму спыненыя пастаўкі газу па трубаправодзе ў кірунку Літвы і далей на Калінінград, паведамляе interfax.by.
«У гэты перыяд газ у Літву будзе пастаўляцца з дзвюх крыніц: з Клайпедскага тэрмінала звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) і з Расеі праз Латвію», - паведамілі агенцтву BNS у літоўскай кампаніі Amber Grid, якая займаецца размеркаваннем газу.
Працы ў пункце прыёму-перадачы газу ў Катлоўцы на літоўска-беларускай мяжы прадоўжацца тры тыдні, да 28 ліпеня.
Са слоў кіраўніка Amber Grid у пытаннях камунікацыі Лауры Шабекене, гэтыя рамонтныя работы з'яўляюцца планавымі.
Паводле яе слоў, газ у Калінінградскую вобласць РФ цяпер пастаўляецца праз Латвію.
У прэс-службе ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» (100%-я «дачка «Газпрома»), які з'яўляецца аператарам беларускага адрэзка магістральнага газаправода Менск-Вільня-Коўна-Калінінград, пацвердзілі пачатак планавага рамонту ў панядзелак. «На ўзгадненне з літоўскім бокам сёння пачаты планавы рамонт на газаправодзе Менск-Вільня. У адпаведнасці з графікам, работы прадоўжацца да 28 ліпеня», - сказаў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік прэс-службы.
«Газпром трансгаз Беларусь» забяспечвае газам спажыўцоў Беларусі і ажыццяўляе транзіт расейскага газу па тэрыторыі краіны ў Калінінградскую вобласць Расеі, Літву, Украіну, Польшчу.