У Франкфурце-на-Майне праз бомбу часоў вайны эвакуяваныя тысячы людзей
- 7.07.2019, 14:17
Для аперацыі па абясшкоджванні 500-кілаграмовай бомбы былі эвакуяваныя блізу 16,5 тысячы чалавек.
У Франкфурце-на-Майне ў нядзелю, 7 ліпеня, праходзіць падрыхтоўка да аперацыі абясшкоджвання бомбы часоў Другой сусветнай вайны. Ва ўсходняй частцы горада эвакуяваныя блізу 16,5 тысячы чалавек, у тым ліку 25 пацыентаў адной з лякарняў, якія знаходзяцца ў коме. Рух грамадскага транспарту спынены, закрыты заапарк, паведамляе dw.com.
Жыхары павінны былі пакінуць свае дамы да 8 раніцы паводле мясцовага часу. Пасля гэтага праваахоўнікі пачалі правяраць, ці не застаўся хтосьці ў зоне правядзення аперацыі абясшкоджвання - у тым ліку на верталёце з паветра, выкарыстоўваючы цеплавізійную камеру.
500-кілаграмовая бомба часоў Другой сусветнай вайны была выяўленая падчас будаўнічых працаў паблізу будынка Еўрапейскага цэнтрабанка (ЕЦБ). Аперацыя абясшкоджвання ўскладненая тым, што дэтанатары, якія павінны здабывацца з бомбы пры дыстанцыйным кіраванні, моцна дэфармаваныя.
Самая масавая эвакуацыя ў Нямеччыне
У 2017 годзе праз абясшкоджванне бомбы вагай 1,8 тоны ў паўночнай частцы Франкфурта-на-Майне былі эвакуяваныя 65 тысяч чалавек. Гэта стала самай масавай эвакуацыяй у Нямеччыне з часоў Другой сусветнай вайны.