BE RU EN

Міністэрства абароны: Падрывы адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе праводзілі салюты

  • 4.07.2019, 12:30

3 ліпеня падарваліся вырабы аднаго калібру.

Камісіяй Міністэрства абароны працягваецца службовае расследаванне паводле факту выбухаў феерверачных вырабаў у Менску. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўстановы.

«Выяўлена, што падарваліся вырабы аднаго калібру (195 мм) з пяці, што выкарыстоўваліся падчас салюту (105 мм, 125 мм, 150 мм, 195 мм, 310 мм). Падрывы адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе праводзіўся салют. Пасля першых падрываў салют у гэтых мясцінах быў спынены», - гаворыцца ў паведамленні.

Як мяркуецца, прычына падрыву - няякасныя набоі гэтага калібру (195 мм). Следчым камітэтам таксама выстаўленыя і адпрацоўваюцца іншыя магчымыя версіі таго, што адбылося.

Устаноўлена, што ўсе рэгламентаваныя нарматыўнымі дакументамі меры бяспекі былі выкананыя. Вайскоўцы разлікаў салютных установак прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і былі дапушчаныя да правядзення салюту адпаведнымі загадамі.

Для выключэння «чалавечага чынніку» (няправільнай эксплуатацыі ўстановак і вырабаў) у рамках аб'ектыўнага кантролю вялася відэаздымка працэсу набівання салютных установак.

Парк Перамогі. Салютная ўстаноўка, якая была бліжэй да дамбы
Агульны выгляд пляцоўкі, адкуль запускалі салют. Чырвоным пазначаныя месцы, дзе стаяць машыны, якія выбухнулі
Чырвоным пазначаныя салютныя ўстаноўкі, якія выбухнулі, зялёным — цэлая
Спарткомплекс «Дынама», у ім у выніку выбуху павыбівала шыбы. На пляцоўцы каля ракі знаходзіліся гледачы. Там жа стаяла жанчына, у якую трапіў аскепак снараду. Жанчына загінула
Парк Перамогі. Салютная ўстаноўка, якая стаяла бліжэй да Вострава птушак
У парку Перамогі

У месцах правядзення салюту было выстаўлена ачапленне згодна з нарматыўным актам, які рэгламентуе прымяненне гэтых феерверачных вырабаў, якія маюць адпаведныя сертыфікаты фірмы-вытворцы (салютныя ўстаноўкі і самі феерверачныя вырабы набыты ў расейскім ААТ «Піра-Рос»).

«Улічваючы, што такіх падрываў у папярэдні перыяд не было зафіксавана, што адбылася трагічная падзея, на жаль, цяжка было пралічыць. Гэта вельмі рэдкі выпадак. Вайсковая ўстанова выказала спачуванне родным і блізкім загінулай і надае ім неабходную дапамогу», - адзначылі ў Міністэрстве абароны.

Нагадаем, 3 ліпеня падчас святочнага салюту на беразе ракі Свіслачы непадалёк ад стэлы «Менск - горад-герой» адбылося надзвычайнае здарэнне. Відавочцы паведамлялі аб двух выбухах, якія адбыліся недалёка ад зямлі, і незвычайна зыркім выбуху. Выбухной хваляй былі выбіты шыбы ў дамах на вуліцы Даўмана і Чарвякова. Пазней стала вядома, што ў выніку надзвычайнага здарэння загінула 64-гадовая жанчына - з непацверджаных звестак, металічны аскепак трапіў ёй у шыю. У Следчым камітэце паведамілі пра 10 пацярпелых, двое з іх - у лякарні, паведамляе tut.by.

Следчы камітэт разглядае чатыры асноўныя версіі: пра няспраўнасць салютных установак, няспраўнасці феерверачных вырабаў, няправільнае набіванне салютных установак, няправільную эксплуатацыю салютных установак.

Апошнія навіны