BE RU EN

Як Канстытуцыйны Суд засакрэціў разгляд закона аб адтэрміноўцы

  • 3.07.2019, 21:04

Неабыякавы юрыст паспрабаваў трапіць на пасяджэнне КС.

Канстытуцыйны Суд будзе разглядаць "закон аб адтэрміноўцы" за зачыненымі дзвярыма. Для рэзананснага дакумента, які робіць больш жорсткімі правілы набору ў войска, абраны так званае пісьмовы разгляд: без лішніх сведак і спрэчак. Але як гэта тлумачаць у судзе?

У распараджэнне "Еўрарадыё" трапіў цікавы аўдыёзапіс. Неабыякавы беларус хоча патрапіць на разгляд і тэлефануе ў Канстытуцыйны суд. Ён заўважае, што ў пастановах КС часта напісана, што яны прымаюцца на адкрытых пасяджэннях.

- Гэта значыць патрапіць туды можа кожны ахвотны?

- Не, не зусім так. Ёсць вусная форма разгляду закона, а ёсць пісьмовая. У выпадку вуснай формы разгляду закона выклікаюцца стораны, выклікаюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, выступаюць, спрачаюцца, кансультуюць ....> І адпаведным чынам праходзіць адкрытае абмеркаванне, якое прадугледжвае вусная форма. Дыскусія, галоснае выказванне сваіх думак. Такое паседжанне прадугледжвае ўдзел іншых асоб, сродкаў масавай інфармацыі і гэтак далей.

- Зразумела.

- Калі вы пачытаеце закон "Аб канстытуцыйным судаводстве", то там ёсць другая форма разгляду - пісьмовая. Яна не прадугледжвае ўдзелу іншых асоб, акрамя як суддзяў.

Каб трапіць на вусны разгляд таго ці іншага закона ў Канстытуцыйным судзе, трэба напісаць туды запыт. Але ў выпадку з пісьмовым разглядам гэта не спрацуе: староннія туды не дапускаюцца. Пры гэтым паседжанне не ўважаюцца за зачыненыя.

- Ёсць паняцце закрытага пасяджэння, калі разглядаюцца пытанні, якія тычацца дзяржаўных сакрэтаў ці іншыя пытанні, якія прадугледжваюць закрыццё, невыдаванне інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам. У гэтым выпадку гаворка не ідзе пра гэта. Усе законы не могуць утрымліваць грыф "сакрэтна", "для службовага карыстання" і іншыя. Таму пасяджэнне адкрытае, але ўжываецца пісьмовая форма разгляду, дзе суддзі абмяркоўваюць.

- Ну дык, я хачу прыйсці паслухаць, як яны абмяркоўваюць пісьмовыя дакументы.

- Не-не-не. Ёсць паняцце "таямніца дарадчага пакоя".

- Я не хачу слухаць, як яны раяцца. Я хачу паслухаць суддзю-дакладчыка, што ён скажа аб гэтым законе. А далей няхай раяцца колькі хочуць. А потым яны ж выходзяць з дарадчага пакоя і агучваюць вердыкт, правільна? Гэта мне таксама будзе цікава паслухаць.

- Вы кажаце пра тое, як гэта ў кіно адбываецца.

- Ва ўсіх нармальных краінах так адбываецца. Чаму Канстытуцыйны суд закрываецца ад грамадзян?

- Чаму закрываецца? Канстытуцыйны суд працуе ў адпаведнасці з законам аб канстытуцыйным судаводстве.

- Пакуль што я не бачу ніякай галоснасці ў яго працы, што прадугледжана гэтым самым законам

- Гэта ваша ацэнка. Вы маеце права даваць тую ацэнку, якую ўважаеце за патрэбную.

У артыкуле 11 "Выкарыстанне вуснай і пісьмовай формаў канстытуцыйнага судаводства" закона "Аб канстытуцыйным судаводстве" напісана, што разгляд спраў ажыццяўляецца з выкарыстаннем вуснай формы "за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных гэтым Законам, калі Канстытуцыйны суд разглядае справы з выкарыстаннем пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства".

Пры гэтым далей напісана, што "пры разглядзе справы з выкарыстаннем пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства дапускаецца выкарыстанне элементаў вуснай формы канстытуцыйнага судаводства (удзел у судовым пасяджэнні паўнамоцных прадстаўнікоў, а згодна з пастановай Канстытуцыйнага суда - прадстаўнікоў іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый)". Гэта значыць паводле закона "звычайныя" грамадзяне ўсё ж могуць трапіць на такое паседжанне. Было б жаданне ў суддзяў.

- А як жа галоснасць? - пытаецца ў супрацоўніка Канстытуцыйнага суда наш неабыякавы беларус.

- Ну якая галоснасць? - чуе ён у адказ. - Прысутнічае галоснасць. Вы даведаецеся пра тое, як разгледжаны закон, убачыце пастанову Канстытуцыйнага суда.

Апошнія навіны