BE RU EN

Сенат ухваліў вылучэнца Трампа на пасаду кіраўніка Пентагона

  • 23.07.2019, 21:25

Прызначэнне Марка Эспера павінна завяршыць самы доўгі ў гісторыі ЗША перыяд адсутнасці кіраўніка Пентагона.

Сенат ЗША ў аўторак зацвердзіў міністра Войска Марка Эспера на пасаду міністра абароны, тым самым завяршыўшы самы доўгі ў гісторыі перыяд, калі Пентагон заставаўся без пастаяннага кіраўніка, паведамляе «Голос Америки».

55-гадовы Эспер у мінулым быў лабістам зброевай кампаніі Raytheon і стаў другім зацверджаным міністрам абароны, якога прызначыў прэзідэнт Дональд Трамп.

Эспер атрымаў рашучую падтрымку з боку абедзвюх партый, нягледзячы на тое, што падчас слуханняў па зацвярджэнні яго кандыдатуры сенатарка-дэмакратка Элізабэт Уорэн задавала шмат пытанняў з нагоды яго сувязяў з Raytheon.

Уорэн, што балатуецца ў прэзідэнты на выбарах 2020 года, стала адзіным сябрам сенацкага Камітэта ўзброеных сіл, што пярэчыць супраць зацвярджэння Эспера на пасадзе.

Raytheon займае трэцяе месца сярод найбуйнейшых абаронных падрадчыкаў у ЗША.

У ЗША не было пастаяннага міністра абароны з тых часоў, як у снежні мінулага года Джым Мэціс падаў у адстаўку праз палітычныя рознагалоссі з Трампам. Многія сябры Кангрэсу заклікалі прэзідэнта ў тэрміновым парадку запоўніць гэтую вакансію.

Лідар сенацкай большасці Мітч Маканел, адкрываючы пасяджэнне ў аўторак, заклікаў калег падтрымаць кандыдатуру Эспера.

«Кандыдат валодае больш чым дастатковай кампетэнтнасцю. Яго паслужны спіс ўражвае. Яго прыхільнасць службе нашым узброеным сілам больш чым відавочная. А патрэба ў зацверджаным Сенатам міністры абароны больш чым неадкладная», - заявіў ён.

Раней Эспер працаваў памочнікам Кангрэса, а таксама служыў у Пентагоне пры адміністрацыі прэзідэнта Джорджа Буша-малодшага. Ён займаў пасаду міністра Войска з лістапада 2017 года.

Патрык Шэнахан, якога Трамп раней вылучыў на пасаду міністра абароны, зняў сваю кандыдатуру з разгляду 18 чэрвеня пасля таго, як з'явіліся паведамленні аб хатнім гвалце ў яго сям'і.

Апошнія навіны