BE RU EN

Парламент Гішпаніі адмовіўся пераабраць Санчэса на пасаду прэм'ера

  • 23.07.2019, 19:16

Кандыдатуру Санчэса падтрымалі 124 парламентарыя, 170 прагаласавалі супраць, 52 устрымаліся.

Пэдра Санчэс, кіраўнік гішпанскай сацыялістычнай рабочай партыі (ГСРП), якая перамагла на вясновых датэрміновых парламенцкіх выбарах, у першым туры не змог набраць неабходную колькасць галасоў дэпутатаў для перавыбрання на пасаду прэм'ер-міністра. Пра гэта піша РБК са спасылкай на El Pais.

Кандыдатуру Санчэса падтрымалі 124 парламентарыя, 170 прагаласавалі супраць, 52 устрымаліся. Яшчэ чацвёра не прысутнічалі на галасаванні (усяго ў парламенце 350 месцаў). Пры гэтым для перамогі ў першым туры з дзейным в.а. прэм'ера неабходна было набраць абсалютную большасць галасоў - 176. У другім туры, які адбудзецца ў чацвер, 25 ліпеня, Санчэсу будзе дастаткова адноснай большасці.

Калі яго не абяруць і ў другі раз, то ў дэпутатаў будзе два месяцы, каб дамовіцца аб кандыдатуры кіраўніка ўрада. У адваротным выпадку парламент распусцяць, і ўвосень адбудуцца пазачарговыя выбары.

На красавіцкіх выбарах ГСРП Санчэса выйграла выбары ў парламент, атрымаўшы 123 месцы з 350. Мяркуецца, што кіруючая кааліцыя ў выпадку перамогі Санчэса будзе сфарміраваная з левай партыяй Podemos і іншымі сацыялістамі.

Апошнія навіны