BE RU EN

Журналісты перадалі Зяленскаму вынікі ўласнага расследавання забойства Шарамета

  • 23.07.2019, 17:59

Беларускага журналіста маглі забіць праз расследаванне справы Завадскага.

Калегі Паўла Шарамета Дарыяс Багуцкі і Эдуард Чэкін перадалі прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму ўласнае расследаванне забойства журналіста.

Як паведамляе «Громадське», расследаванне перадалі падчас даклада паліцыянтаў пра стан справы.

У матэрыялах журналісты заяўляюць, што забіць Паўла маглі праз ягонае расследаванне знікнення тэлеаператара АРТ Змітра Завадскага, з якім працаваў Павел у Беларусі.

«Я ўпэўнены, што корань гэтага звязаны з забойствам Змітра Завадскага. Шарамет ніколі не пераставаў расследаваць гэта. Я гэта дакладна ведаю. За некалькі месяцаў да ягонай смерці мы з ім гаварылі пра гэта і ён ніколі не мірыўся з тым, што нават не знайшлі цела Завадскага», - сказаў Багуцкі.

У свой час Павал Шарамет здымаў фільм аб знікненні людзей у Беларусі, сярод іх быў і Зміцер Завадскі.

Фільм называецца «Дзікае паляванне», ён распавядае пра лёсы зніклых у Беларусі палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, журналіста Змітра Завадскага і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Усе яны адкрыта выступалі супраць улады. Шарамет доўга змагаўся за тое, каб фільм пусцілі ў эфір расейскага тэлеканала АРТ. У Беларусі гэты фільм заблакаваны.

Адзначаецца, што паліцыя пакуль не хоча раней часу называць прозвішчы падазраваных у датычнасці да забойства Шарамета.

Апошнія навіны