BE RU EN

Мустафа Джамілеў: Вяртанне Крыма Украіне непазбежнае

  • 23.07.2019, 15:21

Украіне ў першую чаргу цяпер трэба ўмацоўваць сваю абараназдольнасць і захоўваць стабільнасць.

Вяртанне Крыма Украіне непазбежнае, бо Расеі не ўдалося прывесці ў кіраўніцтва Украінай людзей, падобных на Януковіча, якія пагодзяцца з акупацыяй, анэксіяй і здымуць усе санкцыі.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю «Апострофу» выказаў першы старшыня Меджліса і экс-упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў справах крымска-татарскага народа Мустафа Джамілеў.

«Шмат у чым вяртанне Крыма будзе залежаць ад таго, што адбудзецца ў Расеі. Пераважная большасць экспэртаў кажа, што вяртанне Крыма магчымае пасля змены ўлады там. Бо, нягледзячы на нацыянальныя інтарэсы Расейскай Федэрацыі, уварванне ва Украіну, прынамсі, акупацыя Крыма, прычынілі вялікую шкоду Расеі. І кожны кіраўнік думацьме, як вывесці сваю краіну з ізаляцыі», - адзначыў Джамілеў.

Другім варыянтам, на ягоную думку, можа стаць імаверны распад Расейскай Федэрацыі, паводле ўзору распаду Савецкага Саюза. Джамілеў падкрэсліў, што Украіне ў першую чаргу цяпер трэба ўмацоўваць сваю абараназдольнасць і захоўваць стабільнасць, бо ўсякая дэстабілізацыя на руку Расеі.

«Фактычна, Расея думала, што зможа прывесці ў кіраўніцтва Украінай людзей, падобных Януковічу, якія пагодзяцца з акупацыяй, анэксіяй, каб былі знятыя ўсе санкцыі. Але паколькі гэтага не адбылося, і, дай Бог, не адбудзецца, то вяртанне акупаваных тэрыторый і аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны - гэта непазбежна. У адваротным выпадку - гэта пагроза ўсяму сусветнаму правапарадку», - рэзюмаваў Джамілеў.

Апошнія навіны