Расейская апазіцыя прапанавала мэру Масквы перамовы
- 21.07.2019, 18:55
Апазіцыйныя палітыкі ўважаюць Сабяніна вінаватым за палітычны крызіс у горадзе.
Кандыдаты ў Масгардуму, якіх не дапусцілі да выбараў, прапанавалі мэру Масквы Сяргею Сабяніну сустрэцца і абмеркаваць сітуацыю, якая склалася. На іх думку, менавіта Сабянін нясе адказнасць за палітычны крызіс у горадзе. Усяго заяву падпісалі 16 кандыдатаў, у іх ліку апазіцыйныя палітыкі Ілля Яшын, Любоў Собаль, Дзмітрый Гудкоў, Юлія Галяміна, паведамляе «Радио Свобода».
У суботу ў цэнтры Масквы на праспекце Сахарава прайшоў узгоднены з уладамі мітынг у падтрымку незалежных кандыдатаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі на выбарах у гарадскую думу. Паводле звестак «Белого счетчика», на акцыю прыйшло 22 тысячы чалавек, МУС налічыла 12 тысяч.
Удзельнікі мітынгу запатрабавалі дапусціць незалежных кандыдатаў на выбары ў Масгардуму. Палітык Аляксей Навальны прапанаваў зладзіць масавы мітынг ля будынка мэрыі 27 ліпеня, зрабіўшы яго бестэрміновым, калі кандыдатаў усё-такі не зарэгіструюць. Масгарвыканкам назвалі заяву прадстаўнікоў апазіцыі «спробай палітычнага шантажу».